КНДР паказала, як будзе бамбіць Вашынгтон

Паўночная Карэя выпусьціла прапагандысцкі відэаролік, у якім мадэлюецца ядзерны ўдар па Вашынгтоне. У роліку гучыць папярэджаньне «амэрыканскім імпэрыялістам» не правакаваць КНДР.

Пра гэта піша New York Times.

У матэрыяле пад назвай «Апошні шанс» апісваецца гісторыя ўзаемаадносін ЗША і КНДР і дэманструюцца магчымасьці паўночнакарэйскай арміі. Відэа завяршаецца пускам балістычнай ракеты, якая нібыта падае на Вашынгтон, і кадрамі палаючага сьцяга ЗША.

У выпадку правакацый з боку ЗША «мы без ваганьняў зьдзейсьнім прэвэнтыўны ядзерны ўдар», гаворыцца ў субтытрах да відэа.

16 сакавіка Белы дом паведаміў пра санкцыі, уведзеныя супраць КНДР пасьля рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, у якой асуджаюцца ядзерныя выпрабаваньні. Рэзалюцыя прадугледжвае забарону на імпарт з КНДР вугалю, жалезнай руды, каштоўных мэталаў, а таксама эмбарга на пастаўкі ў гэтую краіну ўсіх відаў авіяцыйнага паліва.

У апошнія гады ЗША і іншыя краіны Захаду ўвялі шэраг санкцыяў супраць Паўночнай Карэі, патрабуючы скараціць ядзерную праграму, але Пхэньян не зьвяртаў увагі на гэтыя патрабаваньні.