Мітынгоўцы, якія на Дзень Волі сабраліся ў менскім парку Янкі Купалы, сустрэліся зь мітынгоўцамі, якія сабраліся на дазволеным уладамі месцы, каля кінатэатру «Кастрычнік», праз гадзіну шэсьця па ходніках праспэкта Незалежнасьці.
У парку Купалы правялі 20-хвілінны мітынг Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімер Някляеў і іншыя. Ля кінатэатра «Кастрычнік» жа «арт-сядзібаўцы» ўсталявалі фатасьцены з «Пагоняй» і «Вершніцай». У «купалаўскай» калёне ад 500 да 1000 чалавек, у «кастрычніцкай» групоўцы – некалькі соцень, да яе далучыліся Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі і іншыя.
Ці будуць палітыкі весьці народ далей на Бангалор, пакуль невядома.
Улады дазволілі пасьля збору ля «Кастрычніка» прайсьці шэсьцем да плошчы Бангалор і правесьці мітынг у Парку дружбы народаў, але ад мітынгу арганізатары акцыі адмовіліся. Міліцыя не перашкаджала ўдзельнікам недазволенага мітынгу і шэсьця, але за кінатэатрам стаяць гатовымі аўтазакі.