Вашынгтон заклікае Маскву спыніць акупацыю і вярнуць Крым Украіне. Пакуль гэтага не адбудзецца, санкцыі ў дачыненьні да Расеі застануцца ў сіле, гаворыцца ў адмысловай заяве прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Джона Кірбі, прысьвечанай другой гадавіне анэксіі паўвострава.
Белы дом па-ранейшаму не прызнае легітымнасьць рэфэрэндуму на паўвостраве, які адбыўся 16 сакавіка 2014 году, і разглядае вынікі гэтага волевыяўленьня як «парушэньне міжнароднага права».
ЗША глыбока занепакоеныя сытуацыяй у анэксаваным Расеяй Крыме, дзе акупацыйныя ўлады душаць іншадумства і працягваюць перасьлед этнічных і рэлігійных меншасьцяў. Перш за ўсё з сур’ёзным перасьледам сутыкаюцца крымскія татары і этнічныя ўкраінцы, адзначаецца ў заяве.
Памочнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд, выступаючы на слуханьнях у сэнаце, таксама заявіла, што санкцыі, накладзеныя з-за Крыму, павінны заставацца ў сіле да той пары, пакуль Крэмль «не перастане навязваць сваю волю ў дачыненьні да гэтай часткі ўкраінскай зямлі».
Паводле дадзеных прарасейскіх уладаў Крыму, амаль 97 адсоткаў жыхароў паўвострава выказаліся два гады таму за ўваходжаньне рэгіёну ў склад Расеі.
Рэзалюцыю ААН ад 27 сакавіка 2014 году, у якой рэфэрэндум кваліфікуецца як той, які ня мае законнай сілы, падтрымалі 100 дзяржаваў. На баку Расеі выступілі 11 краінаў. Эўрапейскі зьвяз і ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі.