Старшынёй БСДП (Грамада) пераабраная Ірына Вештард

Ірына Вештард выступае на зьезьдзе.

Але падчас галасаваньня яе перавага над галоўным альтэрнатыўным кандыдатам Ігарам Маслоўскім, якога некаторыя партыйцы называюць чалавекам «Гавары праўду» і абвінавачваюць у спробах захопу партыі, была невялікай.

У выніку 16-га зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), які адбыўся сёньня ў Менску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў, старшынёй трэці раз пераабраная Ірына Вештард.

На пасаду старшыні было вылучана 7 чалавек. Самаадвод узялі Анатоль Сідарэвіч, Павал Знавец, Вячаслаў Болбат. Аляксей Сігаеў зьняў сваю кандыдатуру на карысць Ірыны Вештард.

Таемнае галасаваньне вялося паміж кандыдатурамі дзейнай старшыні Ірыны Вештард, намесьнікам старшыні Ігара Маслоўскага, а таксама Віктара Крываля.

За Ірыну Вештард прагаласавала 42 дэлегаты зьезда, супраць — 40.

За Ігара Маслоўскага — 38, супраць 44.

За Віктара Крываля — 0, супраць — 82.

Галасаваньне па адным з пытаньняў на зьезьдзе.

Я імкнулася рабіць і магчымае, і немагчымае.

Самым нешматслоўным быў «перадвыбарчы» выступ Ірыны Вештард: «Па-чалавечы шчыра кажу, мне падаецца, я заўжды была адказным чалавекам, імкнулася рабіць і магчымае, і немагчымае. З такой жа адказнасьцю буду працаваць надалей», — сказала Ірына Вештард.

Супраць кандыдатуры Вештард выступіла сяброўка партыі з Гомельскай вобласьці. «Ані разу не прыехала ў Гомельскую вобласьць, а толькі з інспэкцыяй, — заявіла спадарыня. — Яна гадзінамі размаўляе са мной па тэлефоне, і толькі распавядае, як ёй цяжка. Для яе коска ў пратаколе важней за чалавечыя стасункі».

Калі яна прымала партыю, партыя ляжала ў рэанімацыі.

Падтрымаў дзейную старшыню колішні старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб. «Сорамна прысутнічаць на гэтым зьезьдзе, калі мы адзін на аднаго такія вёдры бруду выліваем, — заявіў Грыб. — Нейкіх людзей сёньня не пазнаю. Усе мы не без грахоў. Ірыну Зянонаўну ведаю даўно. Ведаю як сумленнага чалавека. Калі яна прымала партыю, партыя ляжала ў рэанімацыі. Яна амаль ня дыхала, яе амаль не было, яе вось-вось павінны былі скасаваць. Быў нуль і з гэтага нуля сёньня зрабілі партыю...»

Мечыслаў Грыб (зьлева)

Прадстаўнік Берасьцейшчыны Ігар Маслоўскі, якога некаторыя партыйцы называюць чалавекам «Гавары праўду», абяцаў «падвысіць узровень падтрымкі партыі ў грамадзтве».

Прадстаўнік Берасьцейшчыны Ігар Маслоўскі, якога некаторыя партыйцы называюць чалавекам «Гавары праўду» і абвінавачваюць у спробах захопу партыі, выкарыстаў час на выступ для агучваньня сваёй праграмы. Маслоўскі абяцаў «падвысіць узровень падтрымкі партыі ў грамадзтве», «павялічыць колькасьць сяброў партыі» і разьвіваць стасункі з унутранымі і замежнымі партнэрамі. Ён назваў колькасьць сяброў партыі «крытычнай» (паводле Вештард, сьпіскавая колькасьць сяброў — 1152 чалавекі), а ў якасьці агітацыйных матэрыялаў раздаў у залі фотаздымкі сваёй прысутнасьці на Майдане ў Кіеве.

Леанід Дубаносаў зь Мікашэвічаў выступіў за кандыдатуру Маслоўскага. «Я кожны тыдзень бачу дзейнасьць Маслоўскага. Гэта канкрэтныя справы і канкрэтныя посьпехі», — заявіў Дубаносаў.

«Ігар Уладзімеравіч ( Маслоўскі — РС) — пасеяў сярод нас варажнечу», — заявіў Павал Знавец, які моцна абурыўся, што Маслоўскі назваў яго «гора-аналітыкам». Сам Знавец падтрымліваў на выбарах кандыдатуру Ірыны Вештард.

Віктар Крываль выкарыстаў свой выступ для выказваньня агульнакрытычнай пазыцыі наконт дзеяньняў партыі.

Нягледзячы на гарачыя спрэчкі па працэдурных пытаньнях і намёкі на патэнцыйны скандал у партыі падчас зьезду, само мерапрыемства прайшло без эксцэсаў. У зьезьдзе ўзялі ўдзел 82 дэлегаты.

Дыскусія паміж дэлегатамі зьезду.

Ірына Зяноўнана Вештард нарадзілася 17 сакавіка 1953 года ў вёсцы Багушы Смаргонскага раёна. Паводле прафэсіі хімік, працавала настаўніцай. У БСДП з 1991 году. У 2011 упершыню абраная старшынёй.