У Карабулаке (Інгушэція) невядомыя напалі на штаб-кватэру зводнай мабільнай групы «Камітэту па прадухіленьні катаваньняў».
Як распавёў у Твітэры супрацоўнік камітэту Дзьмітры Уткін, камэры відэаназіраньня паказалі, як людзі ў цывільным адзеньні і ў масках, узброеныя аўтаматамі, уварваліся ў памяшканьне недзяржаўнай арганізацыі. Стала вядома, што яны прыехалі на пяці машынах. Адзін зь іх зьбіў відэакамэру ў пад’езьдзе, выведзеныя са строю і камэры відэаназіраньня ўнутры памяшканьня.
Раней у сераду ў Інгушэціі, каля адміністрацыйнай мяжы з Чачнёй, прыкладна 20 чалавек напалі на мікрааўтобус зводнай мабільнай групы «Камітэту па прадухіленьні катаваньняў». Пацярпелі і дастаўленыя ў бальніцу 4 чалавекі.
Паводле дадзеных Уткіна, у складзе групы былі — нарвэскі журналіст Оэштэйн Віндстад, журналіст з Швэцыі Лена Марыя Пэрсан Лоэфген, карэспандэнт The New Times Александрына Елагіна, карэспандэнт «Медиазоны» Ягор Скаварада, журналісты зь Ніжняга Ноўгарада Антон Прусакоў і Міхаіл Салунін, двое праваабаронцаў Іван Жыльцоў і Кацярына Ванслова і кіроўца Башыр Пліеў.
Сябра камітэту Алег Хабібрахманаў так пракамэнтаваў сытуацыю сайту «Йод»: «Больш за ўсіх пацярпелі замежныя журналісты. Працаваць на Каўказе становіцца немагчыма... Мы ня будзем маўчаць і зьвернемся ў Савет па правах чалавека пры прэзыдэнце РФ і ў замежныя амбасады».