Акцыя #FreeSavchenko! у Кіеве. Выступілі маці і сястра Надзеі. Расейскую амбасаду закідалі яйкамі (відэа)

Your browser doesn’t support HTML5

У Кіеве, на цэнтральнай плошчы Незалежнасьці, пад лёзунгам #FreeSavchenko! прайшла акцыя падтрымкі ўкраінскай грамадзянкі Надзеі Саўчанкі з патрабаваньнем да Масквы вызваліць яе з-за кратаў.

«Гэта міжнародная акцыя. Мы адкладаем нашы ўнутраныя справы дзеля падтрымкі нашай міжнароднай палітыкі. Ніякіх партыйных сьцягоў. Толькі дзяржаўныя сьцягі, ўкраінская сымболіка, жаночыя вянкі і хэштэг #FreeSavchenko», — заявілі напярэдадні акцыі актывісты-арганізатары.

Да людзей зьвярнуліся маці і сястра Саўчанкі.

Адвакаты Надзеі Саўчанкі заклікалі раней ўкраінцаў па ўсім сьвеце выйсьці на акцыю падтрымкі Надзеі Саўчанкі таксама 9 сакавіка, калі ў Расеі павінен працягнуцца суд над ёй.

Надзея Саўчанка ад 3 сакавіка абвясьціла сухую галадоўку на знак пратэсту супраць затрымкі з вынясеньнем ёй прысуду пасьля таго, як на судзе ў горадзе Данецку Растоўскай вобласьці Расеі, дзе ў гэты дзень чакалі завяршэньня слуханьняў пасьля апошняга слова Саўчанкі, судзьдзя нечакана зачыніў пасяджэньне і абвясьціў перапынак да прамаўленьня апошняга слова да 9 сакавіка. Пры гэтым яшчэ ў сярэдзіне сьнежня Саўчанка абвясьціла «звычайную» галадоўку. Між тым з-за доўгіх выхадных у Расеі, якія завершацца 9 сакавіка, адвакаты ня будуць мець да яе доступу і ня змогуць праверыць стан яе здароўя.

Удзельнікі мітынгу ў падтрымку Саўчанкі прайшлі калёнай да амбасады Расеі, дзе закідалі яйкамі будынак. ФОТАГАЛЕРЭЮ ГЛЯДЗІЦЕ ТУТ.


Кіеўская паліцыя паведаміла 6 сакавіка пра напад уначы невядомых асоб на аўтамабілі, прыпаркаваныя ля расейскай амбасады ў сталіцы Ўкраіны. У сетках апублікаванае відэа нападу. На кадрах бачна, як людзі ў чорным кідаюць у будынак некалькі фаераў. З-за гэтага інцыдэнту ў МЗС Украіны была накіраваная нота пратэсту.

Надзею Саўчанку, народнага дэпутата Ўкраіны, у Расеі абвінавачваюць у забойстве ў 2014 годзе двух супрацоўнікаў расейскага дзяржаўнага тэлебачаньня, якія нелегальна знаходзіліся ва Ўкраіне, а таксама ў замаху на забойства групы сэпаратыстаў і ў незаконным перасячэньні расейскай мяжы. Расейскія пракуроры патрабуюць пазбавіць украінку волі на 23 гады.

Надзея Саўчанка і яе абарона адпрэчваюць абвінавачаньні і заяўляюць, што на момант гібелі расейскіх журналістаў яе ўжо захапілі ў палон сэпаратысты, затым гвалтам вывезьлі ў Расею. Паводле Саўчанкі, яна не прызнае ні сваёй віны, ні будучага прысуду ёй, ні самога расейскага суду над ёй. Яна заявіла, што ня будзе абскарджваць прысуду.