The Rolling Stones дадуць бясплатны канцэрт на Кубе на Дзень волі

The Rolling Stones

Гэта адбудзецца неўзабаве пасьля першага за 88 год візыту на Кубу прэзыдэнта ЗША.

Амэрыканскі рок-гурт The Rolling Stones анансаваў бясплатны канцэрт у Гаване (Куба) 25 сакавіка. Першы ў гісторыі кубінскі канцэрт гурту пройдзе на стадыёне Coliseo de la Ciudad Deportiva, будзе зьнятая відэавэрсія канцэрту.

«Мы выступалі ў многіх спэцыфічных месцах падчас нашай доўгай кар’еры, але гэтае шоў у Гаване будзе знакавай падзеяй для нас, і, мы спадзяемся, для ўсіх нашых сяброў на Кубе таксама», — заяўляе гурт.

Канцэрт пройдзе празь некалькі дзён пасьля гістарычнага візыту на Кубу Барака Абамы — першага візыту прэзыдэнта ЗША за 88 год. Незадоўга да анонсу візыту Куба і ЗША аднавілі авіязносіны. Дыпляматычныя адносіны між краінамі былі адноўленыя улетку 2015 году, пасьля перапынку ад 1961 году.

Ад 2006 году Кубай кіруе Рауль Кастра — у сувязі зь цяжкай хваробай свайго брата Фідэля, які кіраваў краінай пасьля перамогі рэвалюцыі ў 1959 годзе. Хоць Рауль Кастра заяўляе, што не падтрымлівае ідэі капіталізму і ня здрадзіць рэвалюцыі, у сацыялістычнай краіне праводзяцца некаторыя капіталістычныя і дэмакратычныя рэформы. Ён нават абяцае сысьці з пасады Кіраўніка Дзяржсавету па заканчэньні другога тэрміну ў 2018 годзе, каб кубінцы ад яго «не стаміліся». Але разам з пэўнай лібэралізацыяй на Кубе не спынілася цэнзура, ня сьціхлі палітычныя рэпрэсіі, на вулічных акцыях адбываюцца масавыя затрыманьні.