Бацькі і дзеці

Юзэф Хэлмоньскі, «Пастушкі пры вогнішчы» (1900)

Пасучы кароў, загналі статак напрасткі праз адкаласавалае жыта на сярэдзіну поля, дзе на месцы панскае сядзібы захавалася непрыдатная для ворыва лапіна з добрай травою. Кароў жыта не цікавіць, яны нікуды ня лезуць, скубуць траву, ляжаць на ёй. Мы дасыпаем недаспанае, ямо і гуляем. Наша баба з-пад рукі пільна сочыць за падзеямі з хутара на пагорку. «Столькі збожжа спляжылі!» — дакарае па нашым вяртаньні. Яе дачка — маці маіх стрыечных калег па пашы — удакладняе: «Ды халера зь ім, з гэтым калхозным жытам. Добра што старшыня не наехаў. От даў бы штрафу!» Гора-пастухі толькі пасьмейваюцца. Ані сорам, ані страх сялянскі іх ужо не кранае.

Яўген Чапко

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org