Больш за ўсё на сьвеце беларус баіцца быць западозраным у нацыяналізьме. Нават радыяцыі так не палохаецца. А нацыяналізмам традыцыйна лічыцца размова на роднай мове. Беларусы ў сваёй масе са зьдзіўленьнем і радасьцю ўсьвядомілі, што ня спраўдзілася перасьцярога клясыка: не пакідайце ж мовы сваёй беларускай, каб ня ўмёрлі.
Бо, атрымліваецца, клясык хацеў, каб усе сталі нацыяналістамі, каб размаўлялі па-беларуску. Фігу з маслам яму! Нічога з намі не зрабілася. Пражывем безь ягонай мовы.
Гульня са страхам нацыяналізму — канёк начальства, тэлевізара і газэт. Гэты страх нагнятаўся, калі СССР быў пры сьмерці. І працягваўся ў наступны час — пасьля ўтварэньня Рэспублікі Беларусь. Асабліва апошнія 22 гады.
Які ж унутраны мэханізм гэтай зьявы? Цьмяныя страхі падаграваліся зыходзячы з таго, што беларусы савецкія людзі, безь пяці хвілін расейцы. Якія жывуць тут не як нашчадкі сваіх беларускіх продкаў. А як расейцы, што сюды масава наехалі. Прыбылі перш у якасьці начальства, кіраўнікоў вытворчасьці. У Горадні, напрыклад, калі будавалі гіганты хіміі або тэкстыльнай вытворчасьці, начальнікі цэхаў, майстры, усе прывозіліся з Расеі. Плюс афіцэры СА ды іхнія сямейнікі, зразумела.
Спэкулятыўнае распальваньне страхаў было пабудавана менавіта на гэтым падмурку. Што галоўныя жыхары Беларусі — гэта расейцы, паколькі яны галоўныя ў СССР, а Расея — самая вялікая, велізарная. Беларусы браліся пад увагу толькі як дадатак да іх. Што страшна расейцу (няхай несьвядома, на забабонным узроўні) у Беларусі, то павінна быць яшчэ страшней самому беларусу.
Беларусы не разглядаліся народам, які мае (ці можа мець) сваё паўнакроўнае жыцьцё і які прымае ў сябе расейцаў няхай як братоў, але — прадстаўнікоў іншага народу, які мае сваю, бязьмежную фэдэрацыю. І прымае іх на роўных. Не, беларус абавязаны быў (і так было ў рэчаіснасьці) адчуваць сябе ўсё ж чалавекам ніжэйшага ўзроўню. Ні госьць, ні гаспадар.
У сьвядомасьці саміх расейцаў, што любілі жыць у Беларусі больш, чым у сваёй Расеі, і ў сьвядомасьці партыйнага кіраўніцтва БССР славэтны ўсходні вучоны з «Тутэйшых» Янкі Купалы рашуча і пераканаўча перамог вучонага заходняга. Зразумела, каб ня даць беларусам адчуваць сябе беларусамі. У сябе дома.
Мова была і ёсьць цяпер для начальства — галоўнай прыкметай беларускага нацыяналіста. Гэта фантасмагарычная сытуацыя. Згодна зь ёю, у Расеі жывуць не нармальныя людзі, а — суцэльныя нацыяналісты. У Літве, Польшчы, Нямеччыне і гэтак далей — таксама. Мы сьведкі вывіху ў мазгах. Паколькі ніхто ня будзе лічыць насамрэч немцаў ці расейцаў нацыяналістамі толькі таму, што яны карыстаюцца сваёй мовай. І толькі ў Беларусі штучна, знарок створаная і ўсяляк падтрымліваецца і цэмэнтуецца сытуацыя, калі «нармальныя» людзі размаўляюць на мове суседняй дзяржавы, а «адшчапенцы» — на беларускай. І на ўсіх трэба абавязкова мець шэрую папку з надпісам «Дело №».
Як няцяжка зразумець, у вялікіх кабінэтах такія відавочныя рэчы ніколі не абмяркоўваліся, мазгі там патрэбныя для іншага.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.