Генэрал ВПС ЗША Філіп Брыдлаў выступіў у чацьвер у Камітэце па ўзброеных сілах Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША і заявіў, што Расея імкнецца «перапісаць ўзгодненыя правілы міжнароднага парадку» і падарваць адзінства ў Эўропе.
«Расея абрала шлях, на якім яна вырашыла стаць супернікам і ўяўляе сабой доўгатэрміновую экзыстэнцыйную пагрозу для Злучаных Штатаў і для нашых эўрапейскіх саюзьнікаў і партнэраў», — сказаў генэрал у сваім выступе ў Кангрэсе 25 лютага.
Брыдлаў быў адным з самых актыўных крытыкаў Расеі сярод амэрыканскага ваеннага кіраўніцтва пасьля таго, як Масква анэксавала ва Ўкраіне Крымскі паўвостраў у сакавіку 2014 году, а потым пры падтрымцы сэпаратыстаў пачала ваенныя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны.
Расея неаднаразова адмаўляла сьцьвярджэньні ЗША і іншых эўрапейскіх чыноўнікаў, што яна ўяўляе пагрозу для Захаду, называючы гэтыя абвінавачваньні як небясьпечнае «бразганьне зброяй».