Мітынг прадпрымальнікаў скончыўся без затрыманьняў. Наступны — 28 лютага

У Менску прайшла акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, якія змагаюцца супраць указу № 222. На Кастрычніцкай плошчы сабралася каля 200 чалавек.

У пачатку мітынгу на Кастрычніцкай плошчы прысутнічала вялікая колькасьць міліцыі, якая зрабіла спробу затрымаць лідэраў акцыі — старшыню АГП Анатоля Лябедзьку і прадпрымальніка Аляксандра Макаева. Пад крыкі «Ганьба! Пайшлі прэч!» удзельнікі мітынгу стварылі ланцуг і не дапусьцілі затрыманьняў. Разам з тым на некалькі чалавек міліцыянты склалі пратаколы.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч заклікае праводзіць акцыю каля Адміністрацыі прэзыдэнта:

Мікола Статкевіч

«Каб нешта зьмяніць, трэба напалохаць уладу. І трэба, каб была тэндэнцыя да павелічэньня колькасьці ўдзельнікаў. На жаль, сёньня тут каля 200 чалавек — гэта менш, чым было мінулы раз. Улады гэта бачаць і ідуць у наступ — складаюць пратаколы. Але трэба ісьці да адміністрацыі прэзыдэнта — гэта псыхалягічны момант. Некалькі соцень каля адміністрацыі напалохае ўладу больш, чым некалькі тысяч на Кастрычніцкай плошчы».

Анатоль Лябедзька заклікаў людзей не баяцца і не сыходзіць з плошчы:

Анатоль Лябедзька

«Мы маем права тут знаходзіцца. Мы выступаем за права працаваць і атрымліваць заробак».

На мітынг прыехалі прадпрымальнікі з усіх абласьцей Беларусі. Наступны мітынг заплянаваны на 28 лютага, а 15.00.

Напрыканцы акцыі на плошчы зьявілася каля 10 сьнегаўборачных машын, якія, хоць сьнегу было вобмаль, зь вялікім шумам пачалі езьдзіць па плошчы.