Керы: ЗША і Расея блізкія да дамовы па Сірыі

Джон Керы (справа) і Сяргей Лаўроў на канфэрэнцыі ў Мюнхене 12 лютага 2016 году.

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы абвясьціў, што ён і яго расейскі калега, міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў наблізіліся да папярэдняй дамовы аб умовах спыненьня ўзброенага супрацьстаяньня ў Сірыі.

Паводле амэрыканскага дзяржсакратара, гаворка ідзе аб часовым прынцыповым пагадненьні аб спыненьні кровапраліцьця. Такое пагадненьне магло б пачаць дзейнічаць ужо ў найбліжэйшыя дні. Керы зрабіў гэтую заяву ў нядзелю на прэсавай канфэрэнцыі ў Амане, дзе сустракаўся з міністрам замежных спраў Ярданіі.

Па словах Керы, ён разам з Лаўровым выказаў надзею, што прэзыдэнты ЗША і Расеі Барак Абама і Ўладзімір Пуцін у найбліжэйшыя дні абмяркуюць сірыйскую праблему і зробяць апошнія ўдакладненьні да тэксту пагадненьня. Керы дадаў, што абодва бакі завяршаюць працу над «дэталямі» гэтага дакумэнта.