Кіеў адзначае Дзень памяці загінулых на Майдане, адначасна ідуць пратэсты

  • Паўло Зубʼюк
Тысячы жыхароў Кіева ды іншых рэгіёнаў Украіны прыйшлі 20 лютага на алею героў «Нябеснае сотні» каб пакласьці кветкі да партрэтаў загіблых.

Ёсьць сярод іх і замежныя грамадзяне, якія загінулі пад час рэвалюцыі, у тым ліку і Міхась Жызьнеўскі. Каля яго партрэта асабліва шмат кветак.

Помнікі Жызьнеўскаму — «народны» пасярэдзіне праежджай часткі і «афіцыйны» — упрыгожылі. Каля «народнага» помніка усталявалі адмысловыя пражэктары, якія сымбалізуюць месцы, дзе былі забітыя людзі.

Каля манумэнта Незалежнасьці адбываецца мітынг, сярод удзельнікаў якога — шмат вэтэранаў і жаўнераў баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны. У асноўным аратары абвінавачваюць уладу ў сытуацыі, якая склалася ў краіне і патрабуюць адстаўкі ўраду.

Таксама ў Кіеве адбыўся марш, удзельнікі якога закідалі цэглай «Альфа-банк», які знаходзіцца на Майдане незалежнасьці. Гэты банк паводле іх словаў прадстаўляе расейскі капітал. Таксама «дасталася» і офісу алігарха Рыната Ахметава каля Міхайлаўскай плошчы. Цяпер будынак «Альфа-банку» ахоўвае некалькі паліцыянтаў.

Цэнтар горада узмоцнены атрадамі Нацыянальнае гвардыі і дадатковымі экіпажамі хуткай дапамогі. З зоны Антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе краіны сёньня прыехаў і аўтамабіль хуткае дапамогі з надпісам «Ратаўніца» — гэта дар беларусаў, якія зьбіралі грошы каб дапамагчы ратаваць жыцьцё ўкраінскіх жаўнераў.