Палова расейцаў ня верыць, што замоўцаў забойства Нямцова знойдуць

52 адсоткі расейцаў лічаць, што замоўцаў забойства Барыса Нямцова ня знойдуць. Пра гэта піша «Коммерсант» са спасылкай на апытаньне «Левада-цэнтра». У адваротным упэўненыя толькі 10 адсоткаў рэспандэнтаў.

Чвэрць апытаных думаюць, што праўда пра замоўцаў забойства ня стане вядомая ніколі, таму што «ў Расеі ні адно палітычнае забойства не было раскрытае». Столькі ж лічаць, што «вінаватымі прызначаць выпадковых людзей», а 22 адсоткі што сьледчыя «выявяць выканаўцаў, але наўрад ці раскрыюць імёны замоўцаў».

Пра тое, што Барыс Нямцоў быў забіты ў ноч на 28 лютага мінулага году недалёка ад Крамля ў Маскве, памятаюць, паводле дадзеных сацыёлягаў, 38 адсоткаў расейцаў.

Па справе аб забойстве палітыка былі затрыманыя пяцёра ураджэнцаў Чачэніі. 18 лістапада суд завочна арыштаваў меркаванага арганізатара забойства Нямцова — былога афіцэра батальёна «Поўнач» МУС Чачні Руслана Мухудзінава. Паплечнікі і блізкія Нямцова неаднаразова заяўлялі аб датычнасьці да забойства кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава.

27 лютага ў гадавіну гібелі апазыцыйнага палітыка ў Маскве пройдзе ўзгоднены марш памяці Барыса Нямцова. 54 адсоткі апытаных «Левада-цэнтрам» расейцаў заявілі, што іх гэта не цікавіць. У Маскве «незацікаўленых» менш — 44 адсоткі. Незадаволеныя маршам — 19 адсоткаў масквічоў.