Лукашэнка: «Будзе крыху цяжэй»

Аляксандар Лукашэнка

Паводле словаў Лукашэнкі, урад хоча «замест хлеба людзям даць нейкую рэформу».

На нарадзе па мерах дзеля падвышэньня эфэктыўнасьці сацыяльна-эканамічнага комплексу Аляксандар Лукашэнка нагадаў пра неабходнасьць прытрымлівацца палітыкі, абяцанай падчас перадвыбарчай кампаніі, перадае БЕЛТА.

«Слухайце, у нас што, вайна? У нас што, катастрофа, землятрус, што мы, мусім віляць, зьмяняючы пастаянна курс? — пытаў Лукашэнка. — Так, зьмяніліся ўмовы. Так, трошкі будзе цяжэй. Але рэзаць па жывому людзей, адбіраючы апошнія грошы з кішэняў у паловы насельніцтва, нікому не дазволена! З гэтага зыходзьце!»

Разам з тым Лукашэнка нагадаў, што выказваў крайнюю незадаволенасьць працай кіраўніцтва ўраду, пасьля чаго, як паведамляе БЕЛТА, урад унёс яму на разгляд пакет прававых актаў, у якіх прадугледжваюцца «канкрэтныя крокі для вырашэньня наяўных праблемаў», якія сёньня трэба ўсебакова разгледзець і «аб’ектыўна ацаніць».

Усялякія размовы, якія, даруйце, ператварыліся ў балбатню, наконт нейкага крызісу — непрымальныя! Ніякага крызісу няма, крызіс у нас у галаве!

«Пры гэтым хачу падкрэсьліць: усялякія размовы, якія, даруйце, ператварыліся ў балбатню, наконт нейкага крызісу — непрымальныя! Ніякага крызісу няма, крызіс у нас у галаве! Зьмяніліся ўмовы, па асобных напрамках зьмяніліся істотна. Ну і што? Гэта што, упершыню ў нашай гісторыі?! І ня толькі нашай. Мы ведаем, як працаваць у гэтых умовах, як на іх рэагаваць», — дадаў Лукашэнка, згадаўшы таксама пра нядаўняе скасаваньне санкцыяў супраць яго і асобаў зь ягонага атачэньня.

«І мне вашы рэформы зусім не патрэбныя, тыя, якія вы прапануеце! — зьвярнуўся ён да ўраду. — Мы павінны стварыць нармальнае жыцьцё для людзей, функцыянаваньня дзяржавы і нашага грамадзтва — вось што трэба. А то замест хлеба хочаце людзям даць нейкую рэформу!»

Раней Лукашэнка ня раз выказваўся супраць рэформаў, у тым ліку адмаўляў ураду ў рэфарматарскіх прапановах. На «неабдуманых рэформах» сёньня настойваюць тыя, каму патрэбныя развал, мітусьня, бязладзіца, казаў ён. Але магчыма, што дзеля атрыманьня чарговага крэдыту МВФ беларускім уладам давядзецца «прагнуцца».