Сход на рынку ў Магілёве: прадпрымальнікі ў разгубленасьці

Ранейшага адзінства ў шэрагах магілёўскіх прадпрымальнікаў адносна пратэсту супраць указу № 222 няма. Такое меркаваньне выказалі гандляры пасьля праведзенага імі 14 лютага на Віленскім рынку сходзе. На яго прыйшло блізу сотні чалавек.

Тым часам прадпрымальнікам, якія маюць намер працаваць з прывазным таварам з Расеі, некаторыя фірмы прапануюць пасярэдніцкія паслугі ў афармленьні неабходных для гандлю дакумэнтаў.

Сход прадпрымальнікаў

«Нас пакрысе раздрабілі. Нехта ўжо працуе, нехта зьбіраецца, нехта хоча працягваць пратэставаць, а нехта ня хоча. Адзінства няма. Некаторых псыхалягічна зламалі. Да чаго мы прыйдзем я пэўна сказаць не магу», — выказаў сваё бачаньне пануючых настрояў у прадпрымальніцкім асяродзьдзі адзін гандляроў Віленскага рынку.

Паводле яго некаторыя прадпрымальнікі зноў зьбіраліся ісьці ў аблвыканкам, каб чыноўнікі ўбачылі, што пратэст ня згас, аднак, заўважыў суразмоўцы, «ці варта цяпер займацца ўсім гэтым, бо ранейшага адзінства няма».

Гэтак выглядае гандлёвая пляцоўка рынку

Паводле бізнэсоўцаў, якія бралі ўдзел у сходзе, чыноўнікі ўмысьля зацягнулі разгляд выстаўленых прадпрымальнікамі патрабаваньняў. «Зацягваньне часу працуе супраць нас. Ня быў абвешчаны мараторый на праверкі, не адмянілі 222 указ. Мо ў далейшым адбудзецца адшліфоўка падыходаў, але колькі часу гэта зойме невядома. Людзі псыхалягічна ламаюцца. Ім трэба за нешта жыць», — даводзяць прадпрымальнікі.

Няма пэўнай пазыцыі ў прадпрымальнікаў адносна мітынгу, заплянаванага, як заяўляецца, на 15 лютага ў Менску. Некаторыя зь бізнэсоўцаў гатовыя ехаць, аднак засьцерагаюцца наступстваў для сябе ад удзелу ў акцыі пратэсту. «Адзінага меркаваньня на гэты конт у нас таксама няма», — прызнаюцца прадпрымальнікі.

«Я думаю, што нармальныя людзі, якія думаюць галавой зьедуць адсюль у Расею. Прададуць тут усё, забяруць сем’і і паедуць. Там спакайней. А тут немагчыма працаваць», — выказаў сваё меркаваньне яшчэ адзін прадпрымальнік. На яго ягоную думку заўтрашні дзень пакажа, ці згас пратэст ў ягоных калегаў.

Невялікая пляцоўка з гандлем на Віленскім рынку

Да прапановы некаторых фірмаў дапамагчы афармляць неабходную дакумэнтацыю для прывазнога з Расеі тавару легпраму прадпрымальнікі ставяцца па рознаму — ад прыняцьця прапановы да яе адкідваньня. Перад сходам адзін з прадстаўнікоў такой фірмы зь Віцебску апавядаў пра выгоды супрацоўніцтва. Паводле яго кошт паслугі гэтай фірмы гандлярам абыдзецца ў 20 працэнтаў ад кошту завезенага тавару.

Пакупніцкай актыўнасьці не назіраецца на рынку

Тым часам Віленскі рынак, найвялікшы ў горадзе, пустуе. У нядзелю, калі ён звычайна быў асабліва ажыўленым, на гандлёвай пляцоўцы было выстаўлена толькі некалькі палатак. Працавалі каля дзясятка павільёнаў.