У вясковых клюбах дыскатэкі — раз на месяц па ўзгадненьні з райвыканкамам

Your browser doesn’t support HTML5

На Берасьцейшчыне скарацілі працу сельскіх клюбаў да 22 гадзінаў. А дыскатэкі для моладзі ў некаторых сельскіх дамах культуры адбываюцца раз на месяц.

Карэспандэнт Свабоды наведаў Дом культуры ў вёсцы Кабакі Бярозаўскага раёну.

У суботу а 21 гадзіне ў клюбе моладзі няма, толькі дырэктарка разам з мастацкім кіраўніком рэпэтуюць песьні.

На пытаньне журналіста, чаму няма танцаў, дырэктарка распавяла, што яны ў Кабаках адбываюцца раз на месяц:

«У нас разавыя дыскатэкі ўжо зрабілі. Праз касавы апарат. Адзін раз у месяц з дазволу адзьдзелу культуры (райвыканкаму — РС). Падаем заяўку ды паведамляем, калі ў нас дыскатэка, якая тэматыка. За 2 тыдні мы абавязаныя ўзгадніць.»

Дырэктарка клюбу кажа, што, верагодна, такія меры прынятыя пасьля забойства школьніцы ў Столінскім раёне ў Новы год.

А палове на 22 гадзіну вечара сустракаем у Кабаках невялікую групу моладзі, якая гуляе пад дожджыкам па вуліцах вёскі. Пытаюся, як яны ставяцца да таго, што танцаў няма:

«Ёсьць дыскатэка раз на месяц, і тое толькі да 22 гадзін. Астатнія дні зь сябрамі проста гуляем па вёсцы. Зусім нецікава...»

Маладыя людзі кажуць, што ня бачаць пэрспэктываў свайго далейшага жыцьця ў вёсцы:

«У гэтай вёсцы цывілізацыі ніякай няма і ў будучыні дакладна нічога „ня сьвеціць“, таму людзі зьяжджаюць адсюль. Вось я, напрыклад, 9 клясу сканчваю і паеду вучыцца, таму што тут няма чаго рабіць. Тут глуш проста,» — кажа дзяўчына.

Жыхар Кабакоў, дэпутат сельскага савету Валер Білібуха распавёў Свабодзе, што ня лічыць больш бясьпечным, калі дзеці знаходзяцца не ў клюбе, а «бадзяюцца вечарамі па завугольлях»:

Валер Білібуха

«Каб да 22 гадзін вечара працаваў Дом культуры ў выходныя дні — гэта ненармальна. Калі клюб зачынены, гэтая ўся моладзь „па карчах“ лазіць. А потым пачнуцца неякія правапарушэньні, пачнуць бацькоў штрафаваць, папаўняць казну, якая пустая. Гэта ня выхад з становішча, што праца дому культуры да 22 гадзін вечара,» — мяркуе мясцовы дэпутат.

Спадар Білібуха кажа, што будзе рыхтаваць зварот да органаў выканаўчай улады, каб перагледзелі гэтае пытаньне.