Расейскія фуры: чарга на беларуска-літоўскай мяжы і блякада ва Ўкраіне

Чарга расейскіх грузавікоў на беларуска-літоўскай мяжы працягвае павялічвацца з-за праблемаў з транзытам праз Украіну і Польшчу. Выезду зь Беларусі ў Літву чакаюць каля 350 грузавікоў. Самая складаная сытуацыя — на кантрольна-прапускным пункце «Каменны лог», дзе каля 200 грузавікоў расьцягнуліся на некалькі кілямэтраў.

Пра гэта са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведамляе РИА Новости.

Уезду зь Літвы ў Беларусь чакаюць каля 200 грузавых аўтамабіляў.

Сытуацыя на беларускай мяжы ўскладнілася з-за таго, што з 1 лютага прыпыненыя міжнародныя аўтаперавозкі грузаў паміж Расеяй і Польшчай. Гэта адбылося з-за таго, што бакі не дамовіліся адносна квотаў на выдачу дазволаў на 2016 год. Таксама польскі бок не задаволены зьменамі нацыянальнага заканадаўства РФ у гэтай частцы.

На пачатку лютага расейскія перавозчыкі сталі накіроўваць транспартныя патокі празь Літву і Ўкраіну.

На прапускным пункце «Даманава», што ў Валынскай вобласьці Ўкраіны, ля беларускай мяжы і беларускага прапускнога пункту «Макраны» каля паўсотні ўкраінскіх актывістаў блякуюць уезд ва Ўкраіну грузавікоў з расейскімі нумарамі, а таксама машын, якія вязуць расейскія тавары.

У другой палове дня там вымушаныя былі спыніцца каля 24 грузавікоў з расейскімі нумарамі.

Паводле арганізатара акцыі Зьмітра Васіленкі, бестэрміновая акцыя праходзіць мірна, ніводзін з кіроўцаў, а гэта ў пераважнай большасьці беларусы, не праяўляе агрэсіі.

«Яны незадаволеныя, бо турбуюцца за тэрміны дастаўкі грузу, аднак ніхто зь іх не пакінуў свой аўтамабіль. Сёй-той падыходзіць да нас, мы зь імі размаўляем і частуем тым, што маем», — сказаў УНІАН Васіленка.

Актывіст адзначыў, што ўдзельнікі блякаваньня патрабуюць забараніць транзытны рух грузавога транспарту з расейскай рэгістрацыяй па аўтадарогах Валынскай вобласьці, бо гэта пагражае тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны.

Грамадзкія актывісты пачалі бестэрміновую акцыю раніцай 12 лютага. Яны блякуюць аўтамабілі з нумарамі расейскай рэгістрацыі, каб не дапусьціць іх выезду з Украіны да міжнародных межаў. Блякаваньне адбываецца ў Львоўскай і Валынскай абласьцях, а таксама на мяжы Закарпацкай і Львоўскай абласьцей.

Адзін з кіраўнікоў блякады Тарас Дзеяк сказаў, што актывісты зьвярнуліся да ўкраінскага ўраду з патрабаваньнем забараніць расейскім фурам уезд ва Ўкраіну.

«Час для прыняцьця рашэньня — вечар панядзелка 15 лютага. Калі чыноўнікі ня зьвернуць на гэта ўвагі, мы будзем прымаць іншыя меры», — сказаў актывіст.

Старшыня Закарпацкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Генадзь Маскаль заявіў, што ўжо рыхтуе зварот ва ўкраінскі ўрад адносна забароны транзыту расейскага транспарту праз тэрыторыю Ўкраіны.