Ноччу 9 лютага 2016 году па ўсёй расейскай сталіцы раптоўна зьнесьлі некалькі дзясяткаў гандлёвых павільёнаў — некаторыя зь іх (напрыклад, каля станцыяў мэтро «Чыстыя пруды», «Арбацкая» ці «Крапоткінская») стаялі там гадамі і былі цалкам легальнымі.
Уласьнікі гандлёвых кропак запэўніваюць, што ўсе дакумэнты ў іх у парадку і яны гатовыя грудзьмі ўстаць перад бульдозэрамі. Улады запэўніваюць, што будынкі ўзьведзеныя незаконна, і таму падлягаюць зносу.
Каля мэтро Краснапрэсьненская ў Маскве
Усяго было зруйнавана больш за 100 гандлёвых аб’ектаў. У карыстальнікаў сацыяльных сетак такое рашэньне маскоўскіх уладаў выклікала неразуменьне і абурэньне. Загучалі параўнаньні з апэрацыяй «Барбароса», нападам на Маскву сілаў НАТО, вайной.
Каля станцыі мэтро Чыстыя пруды ў Маскве
Галоўны аргумэнт абаронцаў зносу — эстэтычны. Шапікі, маўляў, нявечаць горад, а іх знос надасьць Маскве «эўрапейскае» аблічча.
Ля мэтро Крапоткінская ў Маскве
Напрыклад, у абарону зносу гандлёвых павільёнаў нечакана для многіх выступіў «Архнагляд»:
«Многія з гэтых павільёнаў былі непатрэбным дадаткам да архітэктурнага пэйзажу помнікаў, гарадзкіх вуліц і плошчаў у цэнтры. Хацелася б, каб гэтыя працэсы ў далейшым закранулі шэраг больш капітальных, але ад таго ня менш самавольных пабудоў, збудаваных як у пустых месцах, так і ў месцах зьнесеных гістарычных будынкаў», — цытуюць інфармацыйныя агенцтвы словы каардынатара «Архнагляду» Канстанціна Міхайлава.
Іншы прадстаўнік арганізацыі Рустам Рахматулін таксама падкрэсьлівае, што гаворка ідзе толькі пра аспэкт абароны гораду.