Апоўначы 8 лютага Мікалай Аўтуховіч стане вольным

Мікалай Аўтуховіч

8 лютага сканчаецца тэрмін прэвэнтыўнага нагляду за ваўкавыскім палітвязьнем Мікалаем Аўтуховічам. Такое рашэньне 4 лютага прыняў Ваўкавыскі раённы суд.

Паводле Мікалая Аўтуховіча, сёньня раніцай ён яшчэ хадзіў адзначацца ў мясцовы РАУС. Віншаваньняў пакуль не прымае, паколькі наперадзе цэлы дзень.

Надта настойвалі, каб менавіта сёньня я прыйшоў адзначыцца ў міліцыю. Ну я і схадзіў — нічога асаблівага не было. Праўда, яшчэ сёньня ўвечары да 24-й гадзіны міліцыянты могуць прыехаць дадому і спраўдзіць, ці я знаходжуся на месцы. Цікавае супадзеньне: мяне арыштавалі 8 лютага і вольным я таксама станаўлюся 8 лютага.

Пад прэвэнтыўным наглядам Мікалай Аўтуховіч знаходзіўся 22 месяцы. Палітвязень Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны паводле часткі 3 артыкулу 295 Крымінальнага кодэксу на 5 гадоў і два месяцы пазбаўленьня волі. Пасьля вызваленьня ў красавіку 2014 году над ім быў усталяваны прэвэнтыўны нагляд. 17 ліпеня 2015 году рашэньнем Ваўкавыскага раённага суду прэвэнтыўны нагляд быў адменены. Аднак ужо 5 жніўня Гарадзенская абласная калегія судзьдзяў перагледзела рашэньне Ваўкавыскага суду, і 6 жніўня ў Ваўкавыску адбыўся паўторны працэс, на якім прэвэнтыўны нагляд Аўтуховічу быў працягнуты яшчэ на паўгода. 27 жніўня абласная калегія разгледзела скаргу Аўтуховіча, але пакінула рашэньне Ваўкавыскага суду бязь зьменаў.