Страшнае прызнаньне віцэ-прэм’еркі Качанавай

Сяргей Дубавец

Магчыма, сярод цяперашняй намэнклятуры яшчэ сустракаюцца такія, каго можна назваць беларускім чыноўнікам. Але ў абсалютнай масе яны да Беларусі дачыненьня ня маюць, бо ня ёй служаць, пра што і самі прызнаюцца з задавальненьнем – «мы люди государевы».

Для іх не існуе Канстытуцыі, народа, іміджу краіны. Ты толькі слухаеш і абураесься – хіба так можна? Як ня сорамна! У грамадзкім месцы. Аказваецца, можна і ня сорамна.

Здаецца, першы заявіў пра зьмену грамадзкага ладу ў краіне міліцэйскі міністар Сівакоў: «Я человек государев». Ну, з аднаго боку, служба ў яго такая, а зь іншага – яго справа, пра сябе кажа.

Пасьля гэтую «фішку» паўтаралі многія. Думалася – іхная справа хамут на шыі насіць. Брак выхаваньня, адукацыі, культуры.

І вось днямі дагаварылася віцэ-прэм’ер Качанава. Новае ў трактоўцы – тое, што ўжо не пра сябе яна гэта сказала, а пра ўсіх: «Вы все государевы люди и должны понимать ситуацию в стране».

Адразу скажу, што «понимать» «государевы люди» нічога не «должны» па вызначэньні. Яны павінны «четко» выконваць каманды. Усё іншае сьведчыць пра дэфэкты пароды і прабелы ў дрэсуры.

«Государев» чалавек – супрацьлегласьць чалавека вольнага. Раб.

Нехта ўспрыняў словы чыноўніцы як абразу, нехта як глупства, большасьць прапусьціла міма вушэй (усім кінулася ў вочы іншае – пра маленькую зарплату). Але глядзіце, які пазл склаўся.

У Беларусі ўсталяваная абсалютная манархія. Ёсьць «гасудар», які па-за крытыкай і па-за выбарамі-перавыбарамі. Ягонае жаданьне вышэй за Канстытуцыю і законы, ён вырашае – каго расстраляць, каго пасадзіць, каго памілаваць. Ён пажыцьцёвы і, пра што ня раз заяўляў «жартам», улада ад яго пяройдзе сыну.

Скажаце, ну што за фэадалізм пасярод Эўропы ў 21 стагодзьдзі. Тым часам дэградацыя грамадзка-палітычнага ладу працягваецца. Дадайце да ўсяго пералічанага прывязку рабочых да прадпрыемстваў, «дармаедаў» і мноства іншага «законатворчага» ідыятызму і вы атрымаеце тыповае сярэднявечча на двары. Прычым вэктар дэградацыі адназначны: за фэадалізмам наступны прыпынак – рабаўладальніцкі лад. Вось ужо Сяргей Астраўцоў трапна параўноўвае Астравецкую АЭС зь пірамідай фараона, іншага сэнсу ў ёй няма.

Толькі ня сьмейцеся, мы ўжо з фэадалізму сьмяяліся…

Мы жывем у сярэдзіне вялікага абсурду, які імкліва набліжаецца да таго, каб стаць поўным. Прычым, гледзячы знутры, сыстэма можа і не выглядаць абсурднай (як для карэйцаў у КНДР) – толькі звонку ці вачыма вольнага чалавека.

У мяне няма сумневу, што сыстэма лясьне. Але чым пазьней, тым балючай. Бо ў філязофіі поўны абсурд зьяўляецца сынонімам немагчымага. Праўда, колькі яшчэ крыві папсуе «негосударевым» людзям абсурдная ўлада, пакуль дасягне сваёй немагчымай паўнаты…