Эўразьвяз вызначыцца з санкцыямі супраць уладаў Беларусі 15 лютага

  • БелаПАН

EU flag

Беларускае пытаньне ўнесенае ў парадак дня Рады Эўразьвязу па замежных справах.

Паседжаньне адбудзецца 15 лютага, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Рады ЭЗ. Дэталёвай інфармацыяй прэс-служба на гэты момант ня мае.

Да 29 лютага Эўразьвяз павінен вызначыцца наконт далейшага лёсу візавых, маёмасных і эканамічных санкцыяў у дачыненьні да ўладаў Беларусі. Цяпер дзейнічае рашэньне аб прыпыненьні санкцыяў у дачыненьні да 171 фізычнай і 10 юрыдычных асобаў Беларусі.

Гэтае рашэньне Эўразьвяз прыняў 31 кастрычніка 2015 году. Дзеяньне санкцыяў прыпынена ў тым ліку ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшых сыноў Віктара і Дзьмітрыя, кіраўніка Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і яго папярэдніка Сьцяпана Сухарэнкі. У сьпісе прадпрыемстваў значацца «Белтэхэкспарт», «Белтэх Холдынг», «Спэцпрыборсервіс», кампаніі «Трайпл» і «Ракаўскі бровар», футбольны клюб «Дынама», «Прастор-Трэйд», «Акватрайпл», «КварцКрэйдаПрам», Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў.

Пад санкцыямі пакуль застаюцца чатыры асобы, якіх ЭЗ лічыць датычнымі да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў у 1999–2000 гадах.

Гэта Ўладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Юры Сівакоў (у пэрыяд зьнікненьня палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС). Тэрмін дзеяньня рашэньня аб прыпыненьні санкцыяў сканчаецца 29 лютага.