Чалавек, які прыдумаў сабе прозьвішча, захапіўшыся подзьвігам касінераў Каліноўскага

Вячаслаў Касінераў

Вячаслава Касінерава судзяць за тое, што летась у Менску запэцкаў фарбай два білборды з выявай міліцыянтаў. Паўгода таму пры арышце амапаўцы ўжо зламалі яму за гэта сківіцу.

Папярэджаньне не падзейнічала, і ў судзе Вячаслаў працягвае казаць пра сваё нэгатыўнае стаўленьне да беларускай міліцыі, якое, аказваецца, пачалося з крыўды на роднага бацьку, былога міліцыянта.

З-за гэтага канфлікту Вячаслаў адмовіўся ад бацькавага прозьвішча і ўзяў сабе новае, прыдуманае. Для бацькі, пэўна, гэта быў моцны ўдар, аднак учора, калі яго выклікалі ў суд у якасьці сьведкі, бацька Вячаслава адмовіўся сьведчыць супроць сына. Нагадваю пра гэта Вячаславу пасьля судовага паседжаньня, але ён няўмольны — з бацькам у яго разрыў, нічога не даруе.

Колькі ж год гэтаму максымалісту? 27, і ў яго ёсьць паўтарагадовая дачка.

— Вячаслаў, чаму і як ты прыдумаў такое прозьвішча?

Вельмі паважаю беларускіх змагароў з тыраніяй, барацьбітоў за незалежнасьць, Кастуся Каліноўскага і ягоных паўстанцаў, якіх лічу найлепшым прыкладам таго, кім мусяць быць беларусы.

— Касінераў — гэта мой умоўны герой. Вельмі паважаю беларускіх змагароў з тыраніяй, барацьбітоў за незалежнасьць, Кастуся Каліноўскага і ягоных паўстанцаў, якіх лічу найлепшым прыкладам таго, кім мусяць быць беларусы. Касінеры — гэта сяляне, якія з косамі пайшлі ваяваць супроць царскіх стрэльбаў. Змагаліся за волю, за сваю зямлю. У жыцьці я нідзе такога прозьвішча не сустракаў і як гісторык нідзе такога не знайшоў, але для мяне гэта сымбалічнае прозьвішча, як асэнсаваны шлях жыцьця.

— Калі вы мянялі прозьвішча, былі цяжкасьці?

— Асаблівых не было. Толькі прапаноўвалі ўзяць любое прозьвішча блізкага сваяка, але мяне нічога не задаволіла, я ўжо выбраў. І цяпер Касінераў ня толькі я. Касінерава мая жонка і мая дачка Аліса, якой ўжо 1 год і 8 месяцаў.

— У вас ўжо вялікае дзіця. А як вы яго зьбіраецеся ўтрымліваць? Скончыцца суд, вам пэўна дадуць нейкі ўмоўны тэрмін, інакш бы не пачыналі гэты працэс, у любым выпадку ў вас будзе судзімасьць, а ў беларускіх умовах гэта воўчы білет. І як выжываць?

Дачку імкнуся ня проста расьціць, але і выхоўваць, бо чалавек мусіць мець трывалую жыцьцёвую пазыцыю. Тут галоўнае быць прыкладам для дзяцей.

— Ведаеце, людзі выжывалі і ў горшых умовах, асабліва тыя героі, зь якіх я бяру прыклад. Не баяліся за свае словы і думкі ісьці на шыбеніцу. А што праца? Рукі-ногі ёсьць, знайду працу. А дачку імкнуся ня проста расьціць, але і выхоўваць, бо чалавек мусіць мець трывалую жыцьцёвую пазыцыю. Тут галоўнае быць прыкладам для дзяцей. Падрасьце — абавязкова будзем шукаць для яе беларускамоўную школу.

— Ці не давядзецца для гэтага зьехаць зь Беларусі? Дарэчы, за мяжу не зьбіраецеся? Хаця б папрацаваць?

— Хіба на нейкі час, як вы кажаце — папрацаваць. Але ўсё роўна... Якія б ў нас ні былі лібэртарныя погляды, ўсё ж мы вельмі любім радзіму і нам трэба быць тут. Хто акрамя нас? Па такім прынцыпе. Мы і апынуліся тут, у судзе, бо акрамя нас ім не было ўжо каго хапаць.

— Адкуль у вас любоў да Радзімы? Хто вас гэтак выхаваў?

Усё, што мы ня любім, гэта мы хутчэй за ўсё проста ня ведаем. А калі пачынаеш паглыбляцца, вывучаць, хутчэй за ўсё ты гэта палюбіш.

— Ня ведаю. Пэўна, мушу падзякаваць маці, вы вось бачылі на судзе, якая яна, які ў яе баявы характар. А яшчэ пэўна альма-матэр — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Скончыў я гістарычны факультэт — агульная гісторыя, спэцыялізаваўся на заходніх славянах. Ведаеце, я зразумеў, што ўсё, што мы ня любім, гэта мы хутчэй за ўсё проста ня ведаем. А калі пачынаеш паглыбляцца, вывучаць, хутчэй за ўсё ты гэта палюбіш. І вось як гісторык я, вядома, ня мог не палюбіць Беларусь.

— Ваша маці на судзе казала, што вы працавалі ў музэі, але мусілі сысьці. Дзе працавалі і чаму сышлі?

— Працаваў у Строчыцах, у Музэі народнай архітэктуры і побыту. Ведаеце, там вельмі таленавітыя людзі, проста героі, бо працуюць за зусім малыя грошы, але ўпарта робяць сваю справу. Мне ж давялося сысьці, бо нарадзілася дачка, а грошай не хапала. Уладкаваўся ў краму кладаўшчыком, там плацілі ўдвая больш, чым у музэі. Праўда, пасьля арышту адтуль звольнілі. Далі магчымасьць крыху яшчэ папрацаваць, а ўвосень звольнілі. Цяпер перабіваюся выпадковымі заробкамі, неяк трымаюся.

— Якія падзеі ў найноўшай гісторыі Беларусі вы лічыце вызначальнымі для фармаваньня вас як асобы? Плошча ёсьць сярод гэтых падзеяў?

Мы не маглі сядзець, склаўшы рукі, рабілі нешта і самі патрапілі ў падобную сытуацыю. Спадзяюся, некага гэта таксама натхніць на нешта.

— Плошча ў тым ліку, так. Плошча 2010 году, бо ранейшую Плошчу, 2006 году, я не асабліва ўсьведамляў. Але на мяне большы ўплыў мела не сама Плошча, а масавыя затрыманьні актывістаў, у тым ліку актывістаў анархісцкагу руху, погляды якіх мы ў пэўнай ступені падзяляем. Тое, што зь імі рабілася мы ведалі, за імі сачылі і праводзілі акцыі салідарнасьці з усімі палітычнымі зьняволенымі, нягледзячы на іх палітычныя погляды. Гэта вельмі на нас адбілася. Скажу гэтак: тое, што зь імі рабілі там — нібыта рабілі з намі тут. Таму мы не маглі сядзець, склаўшы рукі, рабілі нешта і самі патрапілі ў падобную сытуацыю. Спадзяюся, некага гэта таксама натхніць на нешта.

— Але вы не прадстаўляеце нейкую пэўную арганізацыю, ці ўсё ж такая ёсьць?

— Мы як ініцыятыўная група, ініцыятыва. Але ў нас ужо ёсьць назва — «Пошуг». Пошуг — гэта рэдкае беларускае слова, яно значыць выбух сьвятла, вялікая ўспышка. Мы прытрымліваемся блізкіх да анархізму поглядаў, але для нас асноўнае — барацьба супроць этнацыду, супроць зьнішчэньня беларускай культуры, наступу на яе расейшчыны. У пэўнай ступені нас каталізавалі падзеі ва Ўкраіне. Як людзі, якія асабліва любяць беларускую культуру, мы не маглі на гэта не адгукнуцца.