«Дайце нам працу!» — скандуюць прадпрымальнікі каля Гомельскага аблвыканкаму. ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

Каля трохсот прадпрымальнікаў з розных рынкаў Гомеля сабраліся а 16-й гадзіне каля нядаўна адрамантаванага параднага ўваходу аблвыканкаму на праспэкце Леніна, 2. Яны пэрыядычна скандуюць: «Дайце нам працу!»

У аблвыканкаме ў гэты час мелася адбывацца сустрэча прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху рэгіёну з адказнымі асобамі выканаўчага камітэту і падатковай інспэкцыі. Актывісты прадпрымальніцкага руху даводзяць чыноўнікам, што большасьць дробных бізнэсоўцаў ня маюць магчымасьці выконваць патрабаваньні ўказу № 222, а таму з пачатку новага году вымушаны спыніць працу.

«Мы патрабуем адмены ўказу № 222. У такіх умовах мы працаваць ня можам. Я наведваўся ўжо на біржу працы. Там мне адказалі, што працы няма. Можна толькі ўладкавацца таксоўшчыкам», — кажа прадпрымальнік Ігар, які да апошняга часу працаваў на Цэнтральным рынку, а цяпер застаўся бяз сродкаў да існаваньня.

Аблвыканкамаўскае чынавенства прапанавала прадпрымальнікам сабрацца ў палацы «Юнацтва» ў гарадзкім парку. Аднак тыя адмовіліся пакінуць прыступкі аблвыканкаму.

Гэта першая масавая акцыя пратэсту за апошнія сем гадоў.