Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі атрымаў пастанову аддзелу прымусовага выкананьня Партызанскага раёну Менску пра тое, што на долю кватэры, у якой ён пражывае зь сям’ёй, накладзены арышт. Ліст быў выдадзены ў аддзел толькі 14 сьнежня 2015 году, праз 4 гады пасьля напісаньня. Як распавёў Свабодзе Бяляцкі, як будуць канфіскоўваць 18/100 кватэры, ён ня ведае, але наконт прычын «запозьненай» канфіскацыі здагадваецца:
«Ёсьць рашэньне аб выкананьні судовага рашэньня 2011 году, калі мяне судзілі чатыры з паловай гады таму, пра канфіскацыю маёмасьці. Пасьля таго як маёмасьць была падзеленая, частка кватэры, у якой мы жывем з жонкай, была вызваленая ад арышту, фактычна там і жылі.
Я гэта зьвязваю, канечне, са сваёй праваабарончай актыўнасьцю (...). Бачна, што цярпелі, пакуль выбары ня скончыліся, а цяпер вырашылі знайсьці нейкі мэханізм уплыву.
Цяпер яны схамянуліся, вырашылі выканаць рашэньне. Ініцыятыва паходзіць зь Першамайскага суду. Але я гэта зьвязваю, канечне, са сваёй праваабарончай актыўнасьцю, таму што паўтара года, як я выйшаў са зьняволеньня, я працягваю сваю праваабарончую працу. Бачна, што цярпелі, пакуль выбары ня скончыліся, а цяпер вырашылі знайсьці нейкі мэханізм уплыву. Тым больш пастанова зьявілася падчас нястомных патрабаваньняў з боку Эўразьвязу пра рэабілітацыю палітычных зьняволеных і пасьля рашэньня Камітэту па правах чалавека ААН, дзе таксама было сказана пра перагляд, скасаваньне судовага рашэньня і аднаўленьне ўсіх правоў.
Бачна, што беларускія ўлады паказваюць, як яны ставяцца да рашэньняў міжнародных арганізацыяў, куды Беларусь уваходзіць, і да пазыцыі Эўрапейскага Зьвязу. Такі вось трывожны сыгнал. Фактычна, справы рэпрэсіяў, якія былі распачатыя ў 2011-м годзе, ня скончаныя. Гэта трэба разглядаць у кантэксьце іншых спраў — у тым ліку таго, што ня скончаная справа супраць Алеся Міхалевіча, распачатая ў 2010 годзе. Гэта працяг палітыкі перасьледу грамадзкіх актывістаў і праваабаронцаў.
Мы там жывем у гэтай кватэры, яна ня можа быць апячатаная. Цяпер я ня ведаю, якія наступныя крокі будуць. Мабыць, будуць спрабаваць забраць тую адну пятую. Як гэта будзе рэальна рабіцца, цяжка сказаць. Можа, прыйдзе экскаватар і выгрызе балькон ці яшчэ што-небудзь. У мяне яшчэ ёсьць хата ў вёсцы, але ў Менску ўжо ня будзе дзе жыць».