У Кішынэве масавыя акцыі пратэсту

У Кішынэве праходзяць акцыі пратэсту з патрабаваньнем датэрміновых выбараў.

Як паведамляе «Інтэрфакс», на плошчы Вялікага Нацыянальнага сходу праходзіць мітынг Грамадзянскай плятформы «Годнасьць і справядлівасьць». Паводле ацэнак паліцыі, у акцыі бяруць удзел каля пяці тысяч чалавек.

Адначасова ў сквэры перад парлямэнтам пратэстуе апазыцыйная партыя сацыялістаў Малдове. Па дадзеных праваахоўных органаў, у мітынгу сацыялістаў ўдзельнічаюць сем тысяч чалавек.

Паведамляецца, што да цэнтра Кішынэву накіроўваюцца прыхільнікі «Нашай партыі», якія зоймуць месца перад парлямэнтам пасьля таго, як скончыцца мітынг сацыялістаў. «Наша партыя» заявіла, што ў акцыі прымуць удзел не менш за 15 тысяч чалавек.

11 студзеня ў Малдове было абвешчана аб стварэньні парлямэнцкай большасьці, гатовай зацьвердзіць склад новага ўраду. Яна прапаноўвала ў якасьці кандыдата на пасаду прэм’ера аднаго з лідэраў Дэмакратычнай партыі Ўлада Плахатнюка. Праціўнікі гэтай кандыдатуры выйшлі на масавыя акцыі ў Кішынэве.

14 студзеня прэзыдэнт Малдовы Мікалай Цімафці прызначыў кандыдатам на пасаду прэм’ера кіраўніка сваёй адміністрацыі Ёна Пэдурару. Аднак у пятніцу пад ціскам парлямэнцкай большасьці ён адмяніў свой указ і прызначыў кандыдатам на пасаду прэм’ера міністра інфармацыйных тэхналёгій Паўла Філіпа. Удзельнікі суботніх мітынгаў выступаюць супраць гэтага прызначэньня, бо лічаць Філіпа «чалавекам Плахатнюка».

Апошні тэрмін зацьвярджэньня ўраду 29 студзеня.