Вялікі значыць жахлівы

Зьміцер Бартосік

Так здарылася, што гэтыя дзьве вежы я ўбачыў у адзін дзень. Раніцай, выяжджаючы з Познані, я ўпершыню ў жыцьці пабачыў Палац кайзэра, пабудаваны сто гадоў назад немцамі, каб у палякаў нават і думак не ўзьнікала, каму павінна належаць гэтае места. Калі ў пэрспэктыве вуліцы на мяне пачала выплываць гэтая «апошняя каралеўская рэзыдэнцыя Эўропы, пабудаваная ў нэарманскім стылі», як апісваюць замак энцыкляпэдыі, я адчуў сумесь захапленьня і жаху. Вось як павінен выглядаць замак кашчэя! Ці дом цмока. Ці палац Гудвіна, вялікага і жахлівага. Лепшай дэкарацыі для казачных сілаў зла цяжка прыдумаць. Асабліва яскрава-злавесна выглядае простакутная тупая высачэзная вежа з вокнамі-байніцамі. Хоць зараз стаў на вежу запаленыя паходні і здымай тут кіно пра логава людажэра. Але гэта ўсё будавалася ня ў якасьці балаганнай дэкарацыі. Гэта будавалася як жытло. Для чалавека дваццатага стагодзьдзя. Вільгельма другога. Кайзэра Вялікай Германіі!

Мы пасьмяяліся ўсёй сям’ёй. Маўляў, якія наіўныя і кранальныя ў сваім юначым рамантызьме былі гэтыя немцы.

Ужо ноччу, у суцэльным тумане, некалькі разоў зьбіваючыся з дарогі, некалькі разоў збочваючы не туды, аднойчы з жахам убачыўшы на ўзбочыне дарогі гурт аленяў, знэрваваўшыся, я празь некалькі гадзін туманнага блуканьня нарэшце з радасьцю прачытаў указальнік «Oświęcim». І першае, куды я паехаў, была брама былога лягеру «Біркенаў». Туман стаяў такой сьцяной, што другі шэраг лягернай агароджы не праглядаўся. Толькі брама, цьмяна падсьветленая электрычнымі лямпачкамі, выступала зь цемры.

Ніводнага чалавека навокал. Нідзе ні гуку. Асьвенцім мірна спаў. А я адзін стаяў перад гэтымі «вратамі ада» ды марна спрабаваў мазгамі ўсьвядоміць – на што здольны чалавек. Я гладзіў рукой дыхтоўную чырвоную цэглу, якая для тысяч людзей была апошнім успамінам пра цывілізацыю. Я ўглядаўся ў атвор брамы, дзе на чыгуначных рэйках мігцела чырвоная магільная сьвечка. Я дакранаўся да тых самых халодных рэек, па якіх праз гэтую браму ў невараць выправіліся процьмы людзей. Я хацеў жахнуцца. Але нічога не дапамагала. У машыне ціха спалі мае дзеці. Жонка цярпліва чакала, калі я нарэшце скончу свае духоўныя блуканьні ў асьвенцімскім тумане.

Я накіраваўся да машыны. Апошні раз кінуў позірк на непрыгожую і нерамантычную браму з зашклёным паверхам для лягернай аховы і трохкутным дахам. І раптам узгадаў простакутнік брамы кайзэраўскага замка ў Познані. Дзе так любіў спыняцца Гітлер. Вось чаго не хапае познаньскай вежы! Гэтага наверша!

Ці магла нацыя, якая будавала дом для цмока, аднойчы не нарадзіць гэтага цмока? Ці можа нацыя, якая мае гонар сама сябе называць вялікай, аднойчы ня стаць агіднай? І хто будзе наступным вялікім і жахлівым?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.