Абама: ЗША захаваюць абавязаньні перад Паўднёвай Карэяй і Японіяй

Заява прэзыдэнта ЗША зьявілася ўсьлед за інфармацый з КНДР аб праведзеным там новым ядзерным выпрабаваньні.

Амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама пацьвердзіў прыхільнасьць Злучаных Штатаў бясьпецы Паўднёвай Карэі і Японіі пасьля таго, як Паўночная Карэя абвясьціла 6 студзеня аб пасьпяхова праведзеным выпрабаваньні вадароднай бомбы.

Барак Абама заявіў пра магчымасьць жорсткіх мер у адказ у дачыненьні да Пхеньяну. У зваротах да прэзіыэнта Паўднёвай Карэі Пак Хын Ке і прэм’ер-міністра Японіі Сіндза Абэ Абама пагадзіўся з тым, што саюзьнікі «павінны разам прыйсьці да адзінага і важкага міжнароднага адказу на апошнія безразважныя дзеяньні КНДР».

Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 7-га студзеня заяве Белага дому.

Паведамляецца таксама аб праведзеных кансультацыях дзяржсакратара ЗША Джона Кэры з кіраўнікамі зьнешнепалітычных ведамстваў Паўднёвай Карэі і Японіі. «Бакі гаварылі аб разьмяшчэньні амэрыканскіх стратэгічных сродкаў на Карэйскім паўвостраве», заявіла паўднёвакарэйская вайсковая крыніца агенцтву Reuters. Сэул і Токіо раней падверглі рэзкай крытыцы магчымае ядзернае выпрабаваньне ў КНДР, заявіўшы пра пагрозу іх нацыянальнай бясьпецы.

Рада Бясьпекі ААН, які сабралася ў сераду на экстраную нараду ў сувязі з інфармацыяй з Пхеньяну, назвала меркаванае ядзернае выпрабаваньне ў КНДР «відавочным парушэньнем» рэзалюцый Рады, якое нясе пагрозу глябальнага міру і бясьпецы. Радай Бясьпекі было абвешчана аб неадкладным пачатку працы над рэзалюцыяй, якая прадугледжвае ўзмацненьне жорсткасьці мер супраць Паўночнай Карэі.