За сюжэты на «Белсаце» Кастуся Жукоўскага выклікалі адначасова ў два пастарункі

Кастусь Жукоўскі

28 сьнежня журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага з Гомеля выклікалі ў Калінкавіцкі і Кармянскі раённыя аддзелы міліцыі, каб склацьці адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкулу 22.9 КоАП — незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі.

«Перад выходнымі, — паведаміў Кастусь Жукоўскі, — мне спачатку патэлефанаваў на мабільны ўчастковы інспэктар Калінкавіцкага РАУС, маёр Уладзімер Паўловіч, і запатрабаваў 28 сьнежня а 10-й гадзіне прыехаць у міліцыю. Ён патлумачыў, што мае скласьці адміністрацыйны пратакол за тое, што я браў у людзей відэакамэнтары, якія выкарыстаў спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» у сваім сюжэце ад 18 лістапада. Сюжэт тычыўся зьбіцьця калінкавіцкімі футбольнымі заўзятарамі маладзёна з Жыткавічаў. Пасьля было тэлефанаваньне ад старшага ўчастковага інспэктара, маёра міліцыі Кармянскага РАУС Аляксандра Марозава. Той таксама патрабаваў прыехаць 28 сьнежня для тлумачэньняў і складаньня адміністрацыйнага пратаколу, але ўжо за іншы сюжэт на «Белсаце» — «Жыхары Кармы без вады зь лістапада».

Паводле слоў фрылансэра, у абодвух выпадках участковыя маёры заяўлялі, што ён ня меў права рабіць відэаздымкі для замежнага спадарожнікавага тэлеканалу, бо ня мае акрэдытацыі ў беларускім МЗС.

Гомельскі праваабаронца, юрыст БАЖу Леанід Судаленка лічыць, што перасьлед Жукоўскага зьвязаны з тым, што чыноўнікам не падабаецца крытыка і паказ рэальнага стану рэчаў:

Ніхто ж не бярэ пад сумнеў праўдзівасьць інфармацыі таго ж Жукоўскага — усе толькі цьвердзяць: ня меў права

«Застаецца толькі забарона — гэтага нельга, тое не дазволена. Ніхто ж не бярэ пад сумнеў праўдзівасьць інфармацыі таго ж Жукоўскага — усе толькі цьвердзяць: ня меў права».

Ад лістапада фрылянсэр Жукоўскі зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, ён займаецца стварэньнем інфармацыйных матэрыялаў, у тым ліку і відэа. Беларускае заканадаўства і міжнародныя пагадненьні, якія падпісала Беларусь, гарантуюць грамадзянам права на збор і распаўсюд інфармацыі. Акрэдытацыя ў МЗС не патрабуецца, бо Жукоўскі не зьяўляецца штатным супрацоўнікам «Белсату».

Сёлета на падставе пратаколаў міліцыі раённыя суды 6 разоў штрафавалі Кастуся Жукоўскага па абвінавачаньні ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканала «Белсат». Агулам сума штрафаў Жукоўскаму склала 31,5 мільёна рублёў.