Litvintroll як «Ляпіс»: гурт перанародзіцца ў Trollwald на «Калядным фэсьце»

Гурт Litvintroll на „Калядным фэсьце“ ў 2014 годзе

Цяпер ёсьць не адзін Litvintroll, а Sakramant і Trollwald. Першы прадставіў дэбютную песьню, другі дасьць дэбютны канцэрт у межах «Каляднага фэсту».

Беларускія фольк-мэталісты, экс-удзельнікі Litvintroll, што распаўся ўвесну, плянуюць пад новымі назвамі выдаць новыя песьні. Як некалі «Ляпис Трубецкой» распаўся на Trubetskoy і Brutto, так Litvintroll падзяліўся на Sakramant і Trollwald — і абодва выкарыстоўваюць прыпіску «ex-Litvintroll».
Trollwald дасьць свой першы канцэрт у Менску на «Калядным фэсьце» 25 сьнежня.

«Litvintroll разваліўся, мы ўзялі новую назву, вось і ўсё, — сьціпла кажа Андрэй Апановіч, экс-лідэр Litvintroll і цяперашні лідэр Trollwald. У новым гурце засталіся ўсе зь Litvintroll акрамя бас-гітарыста і дудара. У нас прыйшоў новы бас-гітарыст і яшчэ адзін гітарыст, а на дудзе пакуль толькі я — але на канцэрце з намі будзе граць Алесь Чумакоў з гурту „Стары Ольса“. Пасьля фэсту будуць канцэрты па-за межамі Беларусі, у Польшчы нас ужо чакаюць, вядзем перамовы. Па Беларусі таксама канцэртаў будзе шмат, мо сольны канцэрт калісьці будзе».

Апановіч пацьвярджае, што правы на назву Litvintroll засталіся ў былога дудара гурту Васіля Верабейчыкава, зь якім Апановіч разышоўся ўвесну. Тэарэтычна, той можа сабраць новы гурт пад старой назвай, але ён вырашыў іначай: яго новы праект завецца Sakramant, і падобна, што ён ня будзе карыстацца спадчынай Litvintroll. Гурт мае ў складзе колішніх басіста і бубнача Litvintroll, на вакале ў першай новай песьні «Русалка» выступіў Лэсьлі Найф, вакаліст Gods Tower.

Trollwald жа зьбіраецца граць у асноўным новыя песьні, якіх ужо набралося каля пяці, хаця не адмаўляецца цалкам ад песень Litvintroll. Як кажа Апановіч, стыль новых песень крыху адрозьніваецца, але сутнасьць застанецца той жа: беларускамоўны фольк-мэтал.

«Мы зараз у працэсе зьвядзеньня і мастэрынгу новага альбому, — распавядае Апановіч. Народных тэкстаў ня будзе, толькі свае. Тэксты будуць сур’ёзныя, філязофскія. Адна зь песень будзе „Ў гушчарах“, але гэта ня той верш, там будзе пра мужыка, які пасварыўся з жонкай, у карчме „накідаўся“, прачнуўся ў лесе і ня ведае, як знайсьці дарогу дадому».

На «Калядным фэсьце», што пройдзе 25 сьнежня ў менскім клюбе Re: Public, разам з Trollwald выступяць «Палац», «Стары Ольса», Irdorath і пры танцавальнай падтрымцы гурту «Гістрыён». Гурт Znich сярод іншага сьпяе на фэсьце новую песьню «Дунаю», зь якой спрабаваў трапіць на «Эўравізію».