Кампанія «Гавары праўду»: За Караткевіч прагаласавала 1 мільён 200 тысяч выбарцаў

Тацяна Караткевіч (у цэнтры) і Андрэй Дзьмітрыеў (справа, на заднім пляне)

Паводле апытаньня Gallup / Baltic Surveys, за Тацяну Караткевіч на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах прагаласавала 19% (памылка выбаркі 3%).

«З улікам яўкі ў 76% гэта азначае падтрымку 1 мільёна 200 тысяч чалавек. Яны падтрымалі нашу праграму мірных перамен. То бок, разьвіцьцё дзелавой ініцыятывы, сацыяльных гарантый дзяржавы, выбары мэраў і абмежаваньне прэзыдэнцкіх тэрмінаў двума, адказнае суседзтва і нэўтральны статус Беларусі. Гэта створыць упэўненую будучыню для беларускіх сямей», — лічыць Тацяна Караткевіч. Паводле яе, Лукашэнка сабраў 51% галасоў ад усіх, хто галасаваў. «Гавары праўду» становіцца грамадзкім рухам за мірныя перамены, лічыць Тацяна Караткевіч. Паводле яе, альтэрнатыва Лукашэнку ў Беларусі набірае сілу і грамадзкую падтрымку.

Паводле Андрэя Дзьмітрыева, грамадзкая кампанія «Гавары праўду» дзякуючы падтрымцы выбарцаў ператвараецца з кампаніі ў грамадзкі рух за мірныя перамены. Андрэй Дзьмітрыеў спасылаецца на дадзеныя пра 7% грамадзян, якія назвалі «ГП» арганізацыяй, якая лепш за іншыя прадстаўляе іх інтарэсы.

Тацяна Караткевіч расказвае: «Як голас людзей, якія хочуць перамен, прывяду вам прыклад учорашняй размовы ў краме. Стаю ў паліцы з малочнымі прадуктамі, а да мяне падыходзяць двое маладых людзе. „Гэта Караткевіч! Мы за вас прагаласавалі. — І адразу пытаньне: А чаму вы не перамаглі?“ Кажу, што толькі 1 мільён 200 тысяч сабрала галасоў, а трэба, каб прагаласавалі 4 мільёны за альтэрнатыўнага кандыдата і праграму перамен. А яны мне кажуць, што гэта так, але толькі вось у аднаго зь іх у бацькі разваліўся бізнэс, які ён будаваў 15 год, а другі кажа, што ў яго на падыходзе дзіця, а ён не ўпэўнены ў сваім будучым, як будзе ўтрымліваць сваю сям’ю. Таму я і лічу, што нам варта працягваць сваю працу. Адусюль ад людзей я чую, што грошай няма, працоўных месцаў катастрафічна не хапае, прыбытку няма, людзі кажуць пра безьліч розных праблем. Таму — трэба абавязкова працягваць нашу дзейнасьць, мы проста пакуль у самым пачатку.

Адна жанчына напісала мне ў лісьце, што яна за мяне галасавала, а цяпер я ёй вінная. Мяне гэта зацікавіла: а што ж я ёй вінная?

Мы казалі, калі пачыналі выбарчую кампанію, што гэта маратон, у канцы якога будуць перамены ў краіне. І мы будзем іх дамагацца, будзем ісьці ва ўсе ўладныя дзьверы, да чыноўнікаў, каб данесьці да іх галасы тых людзей, якія больш ня хочуць жыць па-старому. Адна жанчына напісала мне ў лісьце, што яна за мяне галасавала, а цяпер я ёй вінная. Мяне гэта зацікавіла: а што ж я ёй вінная? Дачытала: што мушу і далей заставацца ў палітыцы і агучваць альтэрнатыву».

Тацяна Караткевіч паведаміла, што будзе працягваць сустрэчы з выбарцамі ў розных рэгіёнах краіны, а таксама зь сябрамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Былая кандыдатка на прэзыдэнта падвяла вынікі тых сустрэч, якія ў яе ўжо адбыліся ў Нацыянальным сходзе.

«Хаця палітычных функцый у гэтых дэпутатаў мала, і яны не выяўляюць той ініцыятывы, якой ад іх чакае грамадзтва, але гэта ўсё ж людзі, якія выконваюць пэўную функцыю. Сэнс сустракацца зь імі я бачу ў тым, што яны ўсё ж кантактуюць з грамадзтвам, працуюць у акругах, хто менш актыўна, хто больш, але спрабуюць вырашаць іх лякальныя праблемы. Нам важна было данесьці да іх погляды самых розных людзей, прыкладам, тых, якія пакутуюць ад Чарнобылю і кажуць, што іх ігнаруюць. Мы шукаем тыя кропкі супрацоўніцтва, якія б узмацнілі голас грамадзян, якія хочуць павагі», — кажа Тацяна Караткевіч. Паводле спадарыні палітыка, часам у Палаце прадстаўнікоў да яе ставіліся з падазронасьцю, казалі «хто такая?», але з большага стаўленьне было станоўчым. «Асноўная праблема ў тым, як дэпутаты глядзяць на сваю місію. Некаторыя казалі нам: „Добра, давайце вашы законапраекты, мы іх разглядзім“, замест таго, каб самім распрацоўваць законы».

Андрэй Дзьмітрыеў на выбарчым пікеце Тацяны Караткевіч, архіўнае фота

Карэспандэнт Свабоды запытаўся ў Тацяны Караткевіч, як яна ставіцца да ідэі правядзеньня новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў, якая нядаўна была агучаная, і ці зьбіраецца ў ім удзельнічаць. Выявілася, Тацяна Караткевіч ня лічыць Кангрэс актуальным мерапрыемствам, хаця ставіцца да аўтараў гэтай ідэі як да саюзьнікаў.

«Мы для сябе вырашылі, што будзем удзельнічаць толькі ў тых мерапрыемствах, якія прыцягваюць новых людзей. Пакуль што Кангрэс не выглядае такім мерапрыемствам, таму ў нас няма плянаў у ім удзельнічаць».

Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў выказаўся яшчэ больш пэўна адносна новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў: «Кангрэс — гэта паўтарэньне пройдзенага. Больш за тое — паўтарэньне пройдзеных памылак. Мы бачылі ўжо, як гэта прыводзіла да расколу і да таго, што ніколі пастаўленыя задачы не выконваліся. Таму наша пазыцыя ў тым, што мы за сумесныя дзеяньні там, дзе зразумелая мэта, плян, дзе ўсё празрыста, дзе няма крыўдаў. Прыкладам, сёньня ўсе дэмакратычныя сілы выступаюць за тое, каб у Беларусі не было расейскай ваеннай базы. Вось гэта тое, дзе мы можам супрацоўнічаць: распрацаваць плян, дамагацца агульнай мэты, у тым ліку, і падчас выступаў на будучых парлямэнцкіх выбарах».

Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч заявілі, што «Гавары праўду» зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах у Нацыянальны сход у 2016 годзе. «Мы будзем дамагацца перамогі ў акругах, дзе будуць вылучаныя нашы кандыдаты, і нават калі гэтага не атрымаецца, пойдзем далей... Сёньня 47% выбарцаў кажуць пра тое, дзе ёсьць іх альтэрнатыва. На гэта мы мусім даць адказ», — сказаў спадар Дзьмітрыеў.