Саакашвілі: Лукашэнка заўсёды добра трымаў расейскі націск

Міхаіл Саакашвілі (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Мікалаем

Экс-прэзыдэнт Грузіі, а цяпер — кіраўнік Адэскай вобласьці Міхаіл Саакашвілі лічыць, што ў беларусаў «ёсьць надзвычайны патэнцыял разьвіваць дэмакратыю, жыць ва ўмовах свабоды і мець будучыню».

Аб гэтым ён заявіў у інтэрвію Белсату.

«Пасьля вырашэньня сваіх праблемаў Беларусь будзе рухацца ў Эўропу нашмат хутчэй, чым кожная з краінаў нашага рэгіёну — проста зыходзячы з геаграфіі, натуры беларусаў і аб’ектыўнай рэальнасьці, якая тут складваецца», — падкрэсьліў ён.

Кажучы пра ролю Лукашэнкі ў канфлікце Расеі і Ўкраіны, Саакашвілі адзначыў, што ў яго няма адчуваньня, што Лукашэнка праводзіць антыўкраінскую палітыку:

Лукашэнка заўсёды добра трымаў расейскі націск, асабліва на першым этапе вайны ва Ўкраіне. Было б вельмі небясьпечна, калі б Беларусь уключылася ў гэтую справу.

«Наколькі я ведаю, у яго былі добрыя стасункі зь Віктарам Юшчанкам і „памаранчавым“ урадам, але зь нейкіх прычынаў кепскія зь Віктарам Януковічам, у іх быў канфлікт. Лукашэнка заўсёды добра трымаў расейскі націск, асабліва на першым этапе вайны ва Ўкраіне. Было б вельмі небясьпечна, калі б Беларусь уключылася ў гэтую справу», — заявіў ён.

Саакашвілі таксама патлумачыў, чаму павіншаваў Лукашэнку пасьля выбараў 2010 году, нягледзячы на жорсткі разгон Плошчы:

«Тады для нас выбар быў вельмі канкрэтны. Лукашэнка быў пад вялікім ціскам Крамля. Гэта быў ня проста ціск, а шантаж: яму прапаноўвалі $ 2 млрд для вельмі слабай беларускай гаспадаркі (у прынцыпе, слабай і цяпер), каб ён прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. І ён гэтага не зрабіў. Я не магу гэтага забыць, гэта было вельмі важна для нас, для такой маленькай краіны як Грузія. Гэта быў сыгнал не Лукашэнку, а беларускаму народу. У той час існавалі пэўныя палітычныя ўмоўнасьці, ад якіх я цяпер не адмаўляюся.

Я разумею, якія праблемы зьвязаныя з кіраваньнем Лукашэнкі, але калі Ўкраіне было важна, каб падчас вайны на ўсходзе Беларусь заняла нэўтральную пазыцыю, Беларусь заняла яе».