Алексіевіч ці Бэрдымухамэдаў? Галоўныя тэмы беларускіх СМІ ў Нобэлеўскі вечар

У незалежных мэдыях галоўная тэма прадказальная — Нобэль Алексіевіч. Галоўная ж тэма дзяржаўных СМІ — сустрэча Лукашэнкі й Бэрдымухамэдава.

Навіны АНТ: пра візыт Лукашэнкі ў Туркмэністан —15 хвілін, пра ўручэньне Нобэля — 1,5 хвіліны

10 сьнежня ў Стакгольме а 18:30 пачалася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі. Прыкладна а 19:20 кароль Швэцыі Карл Густаў ХVI уручыў залаты мэдаль і ганаровы дыплём беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч. Дзяржаўныя каналы не плянавалі паказваць жывую трансьляцыю ўрачыстасьцяў.

А 19:30 пачаліся навіны на СТВ — прыкладна ў той час, калі ў Стакгольме завяршылася ўрачыстая цырымонія. На 21-й хвіліне прайшоў кароткі сюжэт пра ўручэньне Нобэля — усяго 50 сэкунд.

У выпуску навінаў па АНТ, які пачаўся а 20:30, другім сюжэтам анансавалі ўзнагароджаньне Нобэлеўскай прэміяй Алексіевіч. Першы сюжэт — пра візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Туркмэністан — доўжыўся 15 хвілін.

Дарэчы, «Навіна дня» на сайце АНТ — «Беларусь і Туркмэністан поўныя рашучасьці нарасьціць тавараабарот».

На 16-й хвіліне прайшоў сюжэт пра ўрачыстасьці ў Стакгольме, паказалі фрагмэнт узнагароджаньня прэміяй Сьвятланы Алексіевіч. Вядоўца між іншым адзначыла, што «для першага айчыннага ляўрэата Нобэля зрабілі выключэньне ў пратаколе. Алексіевіч выйшла за ўзнагародай не ў сукенцы да падлогі, а ў касьцюме з штанамі». Хранамэтраж сюжэту — 1 хвіліна 26 сэкунд, зь іх 50 сэкунд — кадры непасрэдна са Стакгольму.

21:00. Навіны на Першым нацыянальным тэлеканале. Першы анонс — рэпартаж з Ашхабаду пра візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Туркмэністан. Другі анонс — інфляцыя. Трэці анонс — пры цырымонію ўручэньня Нобэлеўскай прэміі.

Рэпартаж з Туркмэністана доўжыўся 17 хвілін. Наступная навіна — пра магчымы візыт у Беларусь генэральнага сакратара ААН Пан Гі Муна.

Трэці сюжэт — пра ўручэньне Нобэля. Апавядае Юры Казлоў — спачатку пра ўручэньне Нобэлеўскай прэміі міру ў Осла (прыкладна 1 хвіліна). Затым — рэпартаж са Стакгольма. Вельмі коратка і ў той пасьлядоўнасьці, як уручалі ўзнагароды: спачатку пра прэмію па фізыцы, потым па хіміі, мэдыцыне, і, нарэшце, па літаратуры. Уласна Алексіевіч паказалі 10 сэкунд.

Інтэрнэт-СМІ. У 12 выпадках галоўная тэма — Нобэлеўская прэмія, у 6,5 — Туркмэністан

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА а 19:28 у рубрыцы «Культура» апублікавала інфамацыю: «Беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч уручана Нобэлеўская прэмія па літаратуры за 2015 год. Урачыстая цырымонія адбылася сёньня ў Канцэртнай залі Стакгольма» — некалькі радкоў пра Сьвятлану Алексіевіч: кароткая біяграфія, пералік твораў і зьвесткі, хто і калі атрымліваў літаратурнага Нобэля.

У інтэрнэце тым часам бачныя выразныя адрозьненьні між сайтамі: на недзяржаўных Алексіевіч, на дзяржаўных — сустрэча Лукашэнкі і кіраўніка Бэрдымухамэдава.

Tut.by: 1:0 — галоўная навіна пра Алексіевіч, а не пра візыт у Туркмэністан.

Tvr.by: 1:1.

Onliner.by: 1,5:1 — навіна пра Алексіевіч ёсьць, хоць і ня самай вялікай карцінкай на галоўнай старонцы.

Belta.by: 2:1,5 — навіна пра Алексіевіч ёсьць, але схаваная даволі глыбока на галоўнай старонцы.

Charter97.org: 3:1,5.

Sb.by: 3:2,5 — навіна пра Алексіевіч на галоўнай старонцы ёсьць, але старая, яшчэ пра нобэлеўскую лекцыю.

Naviny.by: 4:2,5.

Zviazda.by: 4:3,5 — навіна пра Алексіевіч ёсьць, але найгалоўная навіна — пра візыт Лукашэнкі ў Віетнам.

Belsat.eu: 5:3,5.

Ont.by: 6:3,5 — чамусьці на тытульным фота Алексіевіч сьпінай.

Nn.by: 7:3,5.

Belsmi.by: 7:4,5.

Euroradio.fm: 8:4,5.

Ctv.by: 8:5,5 — на сайце навіны пра Алексіевіч няма, як няма і згадак пра яе ў выпуску навінаў, што выйшаў у этэр якраз у час уручэньня прэміі.

Belaruspartisan.org: 9:5,5.

Belarus.by: 9:6,5.

І СМІ расейскага паходжаньня, што актыўна працуюць у Беларусі:

Sputnik.by: 10:6,5.

Kp.by: 11:6,5.

Interfax.by: 12:6,5

Aif.by: 12:6,5 — лік не мяняецца: «АіФ» ігнаруе і Алексіевіч, і Лукашэнку.