Лукашэнка правядзе перамовы з Бердымухамедавым

Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Гурбангулы Бердымухамедаў

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 10 сьнежня ў Ашхабадзе правядзе перамовы з прэзыдэнтам Туркмэністана Гурбангулы Бердымухамедавым.

Яны пагутараць ў фармаце сам-насам, а потым правядуць перамовы ў пашыраным складзе з удзелам дэлегацый дзьвюх краінаў. Чакаецца падпісаньне шэрагу двухбаковых дакумэнтаў.

Лукашэнка наведае таксама сумесную беларуска-туркмэнскую выставу-кірмаш, Алімпійскі гарадок, возьме ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Палітыка нэўтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бясьпекі і разьвіцьця», перадае БелТА.

Перад гэтым кіраўнік Беларусі разам з малодшым сынам Мікалаем знаходзіўся зь візытам у Віетнаме. Гэтыя замежныя візыты — першыя для Лукашэнкі пасьля сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Пасьля выбараў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што свой першы візыт плянуе зрабіць у Расею на запрашэньне Ўладзімера Пуціна. Ён павінен быў адбыцца 25-26 лістапада, аднак яго перанесьлі «у сувязі з загружанасьцю працоўных графікаў» кіраўнікоў абедзьвюх краінаў.

Гурбангулы Бердымухамедаў кіруе краінай з 2007 году. Сёлета ў Ашхабадзе ўсталявалі першую статую прэзыдэнта Гурбангулы Бердымухамедава. Гэта пазалочаны помнік вышынёй 21 мэтар — кіраўнік дзяржавы на ахалтэкінскім кані з высока ўзьнятай правай рукой. Адкрыць манумэнт пастанавіў парлямэнт «на падставе шматлікіх зваротаў грамадзян».

У Туркмэністан Лукашэнка прылятаў на «Боінгу», які Беларусь набыла ў Turkmenistan Airlines. Раней на гэтым самалёце лётаў сам Туркменбашы Сапармурат Ніязаў, пасьля сьмерці якога новы лідэр Гурбангулы Бердымухамедаў вырашыў гэты борт не выкарыстоўваць.