Кампанія «Народны рэфэрэндум» распалася

Лідэры «Народнага рэфэрэндуму» нясуць сабраныя подпісы, 2 кастрычніка 2014

Прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За свабоду» і БСДП(Грамада) заявілі пра спыненьне ініцыятывы «Народны рэфэрэндум».

У супольнай заяве яны адзначаюць, што кампанія страціла свой патэнцыял і ня можа існаваць у ранейшым фармаце.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і старшыня БСДП (Грамада) Ірына Верштадт адзначаюць, што «супольна напрацаваны патэнцыял быў неналежным чынам скарыстаны адным з партнэраў дзеля дасягненьня ўласных тактычных задачаў, далёкіх ад першапачатковых мэтаў».

«У выніку быў падарваны як давер грамадзтва да кампаніі „Народны рэфэрэндум“, так і давер паміж арганізацыямі-удзельніцамі НР. Праз гэта падчас прэзыдэнцкай кампаніі каардынацыя паміж ініцыятарамі НР была спыненая. Дэ-факта „Народны рэфэрэндум“ быў разбураны як агульнанацыянальная надпартыйная кампанія, што базавалася на даверы, роўнасьці і каардынацыі партнэраў і задумвалася як значна шырэйшая за выбарчыя кампаніі ды праграмы асобных кандыдатаў», — адзначаюць аўтары заявы.

Паводле аўтараў заявы, яны будуць і надалей адстойваць ідэі «Народнага рэфэрэндуму», якія «застаюцца актуальнымі для Беларусі».

Кампанія «Народны рэфэрэндум» была ініцыяваная рухам «За свабоду», Партыяй БНФ, грамадзянскай кампаніяй «Гавары праўду» у траўні 2013 году. Пазьней да яе далучылася БСДП (Грамада).

Кампанія мелася сфармуляваць важныя пытаньні жыцьця і будучыні Беларусі як «незалежнай дэмакратычнай дзяржавы, вынесьці іх на ўсенароднае абмеркаваньне і дасягнуць агульнанацыянальнага кансэнсусу».

У межах ініцыятывы былі сабраныя подпісы ў падтрымку правядзеньня рэфэрэндуму як законнага спосабу мірных пераменаў у краіне. Зь іх 50 тысяч былі пададзены ў Палату прадстаўнікоў.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 года актывістка «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч спачатку пазыцыянавала сябе прадстаўніком «Народнага рэфэрэндуму». Аднак пазьней некаторыя ўдзельнікі кампаніі адмовіліся яе падтрымаць.