Пяць студэнцкіх пратэстаў, якія зьмянілі гісторыю

Падчас пратэстаў у Кітаі ў 1989 годзе

Ня дзіва, што ўлады загадзя адказалі на магчымасьць студэнцкіх пратэстаў у Менску шматлікімі контрзахадамі. Гісторыя вучыць: не даводзьце студэнтаў да пратэстаў.

У сусьветнай гісторыі багата прыкладаў студэнцкіх пратэстаў — хіба ня столькі ж, колькі пратэстаў сялянскіх, буржуазных ці пралетарскіх. Часам студэнты проста адстойваюць свае правы, часам змагаюцца ня толькі за сябе, а за ўсё грамадзтва.

Беларускія студэнты зьбіраюцца ладзіць акцыю пратэсту, магчыма, ўпершыню за два дзясяткі год. Іх пратэст — супраць збору пабораў за пераздачы і пропускі. Наўрад ці на вуліцы выйдуць дзясяткі тысяч чалавек.

Але часта бывала і так, што з малых студэнцкіх пратэстаў вырасталі падзеі, што мянялі гісторыю. Вось некалькі прыкладаў.

Парыскі унівэрсытэт, 1229

Адзін зь першых студэнцкіх пратэстаў, зафіксаваных у гісторыі, прайшоў у Парыскім унівэрсытэце. Ён пачаўся з таго, што ў час гуляньняў напярэдадні сьвята Папяльца студэнтаў пабілі і выкінулі з тавэрны. Яны вярнуліся з дубінамі і зладзілі пагром. Студэнты, якія тады вывучалі багаслоўе і жылі па законах царквы, тады мелі недатыкальнасьць перад законам, але рэгентша Бланка Кастыльская дазволіла варце іх пакараць. Некаторых, выпадкова ці наўмысна, закатавалі да сьмерці.

Студэнты адказалі страйкам, і ці разьехаліся па іншых навучальных установах, ці паехалі па дамах, што ўдарыла па гарадзкой эканоміцы. У выніку ўнівэрсытэт атрымаў ад папы Грыгорыя IX булу «Parens scientiarum», што гарантавала незалежнасьць ад любой мясцовай улады і зьмяшчала яго пад папскую абарону. Забастоўка стала важным эпізодам барацьбы царквы і сьвецкай улады, адным з сымбалеў барацьбы «горада і мантыі» — то значыць, улады і студэнтаў.

Віленскі ўнівэрсытэт, 1831

Віленскі ўнівэрсытэт

Найстарэйшы ўнівэрсытэт Усходняй Эўропы нават пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, нават пад расейскай уладай заставаўся цэнтрам нацыянальнай адукацыі Літвы. Таварыства філяматаў, «аматараў навук», пачалося як літаратурна-самаадукацыйная супольнасьць, у хуткім часе набыло палітычную і патрыятычную афарбоўку. У яго ўваходзілі Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Ян Чачот і многія іншыя славутыя сёньня беларусы. Расейскім уладам такое таварыства не спадабалася, «працэс філяматаў» са 108 падсуднымі стаў найбуйнейшым судом над студэнтамі тых часоў.

Але суды і пакараньні, відаць, ня вырашылі справу. У 1830-31 гадох запалала вялікае паўстаньне пад лёзунгам аднаўленьня Рэчы Паспалітай. Каб прыдушыць яго, Расея кінула немалыя сілы, адбылося нямала баталіяў. Цар западозрыў, што студэнты і выкладчыкі, якія яшчэ нядаўна ладзілі студэнцкія суполкі, бралі ўдзел у паўстаньні, і расфармаваў унівэрсытэт. Жорсткія меры да земляў Рэчы Паспалітай прывялі да наступнага, яшчэ большага паўстаньня 1863-64 гадоў.

Заходні сьвет, 1968

Пратэст студэнтаў у Францыі, 29 траўня 1968 году

Эканамічны рост і адраджэньне пасьля крывавай Другой сустветнай вайны не далі сьвету жыць спакойна. У ЗША студэнты пратэставалі супраць Віетнамскай вайны, у Францыі — супраць беспрацоўя, у ФРГ — супраць жорсткасьці паліцыі адносна студэнтаў і за свабоду слова, у Мэксыцы — супраць неразумнай палітыкі прэзыдэнта, які траціў мільёны на Алімпіяду, нібы не заўважаючы беднасьць краіны, у Польшчы — ад пратэстаў супраць забароны спэктаклю па «Дзядах» Міцкевіча да барацьбы з урадам, які дзеля сяброўства з СССР змагаўся з уласнай культурнай спадчынай. Ранейшыя выступы студэнтаў у Чэхіі прывялі да нядоўгай Праскай вясны. У 1970-м амэрыканскія студэнты адказалі на расстрэл дэманстрацыі ў Кенцкім унівэрсытэце страйкам па ўсёй краіне, у якім узялі ўдзел 450 навучальных установаў, а сутыкненьні і пагромы адбыліся ў 16 штатах.

У канцы 60-х моладзь адчула сябе сапраўднай палітычнай сілай, студэнты выступалі ня толькі за свае акадэмічныя свабоды, але за сацыяльную справядлівасьць, мір у сьвеце і нонканфармізм, супраць пурытанскай маралі і расізму. Заходняму грамадзтву прыйшлося прыняць сьветапогляд, што вырас з пратэстаў моладзі: сьветапогляд больш левы, талерантны і вальнадумны.

Атэнскі палітэхнічны ўнівэрсытэт, 1973

Ад 1967 года Грэцыя жыла пад дыктатурай Хунты, пры рэжыме Чорных палкоўнікаў, які змагаўся з усім «надта лібэральным». Студэнты Атэнскай палітэхнікі выказалі пратэст супраць плянаў Палкоўнікаў умяшацца ва ўнівэрсытэцкія выбары. Паліцыя паспрабавала разагнаць дэманстрацыю — ды тая ў адказ ахапіла ўвесь цэнтар грэцкай сталіцы. «Вольныя асаджаныя» студэнты, якіх падтрымалі і іншыя атэнцы, пачалі будаваць барыкады, а паліцыя атрымала падтрымку войскаў і пачала страляць. У штурме ўнівэрсытэту задзейнічалі нават танкі, ахвярамі сталі 24 забітыя і тысяча параненых.

Як вынік — антыўрадавыя выступы па ўсёй краіне і ў рэшце рэшт падзеньне рэжыму, новая канстытуцыя, парлямэнцкая рэспубліка. Яшчэ доўгі час унівэрсытэты Грэцыі забаранялі ўваход паліцыянтам на сваю тэрыторыю — толькі з адзінагалоснай згоды рады выкладчыкаў і студэнтаў.

Цяньаньмэнь, 1989

Сыстэма Мао Цзэдуна ў Кітаі слабла ад канца 70-х, камуністычная краіна дазволіла сабе рынкавыя рэформы эканомікі і невялікую палітычную лібэралізацыю. Студэнты бачылі рэформы дома, назіралі за зьменамі за мяжой — і думалі, што Кітай у рэформах адстае ад сьвету, у тым ліку ад Савецкага саюзу зь яго палітыкай «галоснасьці». У 1989 годзе генсэк кампартыі Кітая Ху Яабан, якога лічылі шчырым рэфарматарам, памёр ад сардэчнага прыступу, што стала нагодай для чарговага сходу прыхільнікаў пераменаў.

На плошчы Цяньаньмэнь вырасла намётавае мястэчка, у якім поруч былі і студэнты, і інтэлектуалы, і простыя рабочыя, а пратэсты былі ўжо ня толькі супраць тармажэньня дэмакратычных рэформаў, а і супраць карупцыі, беспрацоўя, інфляцыі. Для разгону намётавага мястэчка ўлады ўжылі войскі, у тым ліку танкі для прарыву барыкадаў, расстрэльвалі дэманстрантаў без разбору. Кітайскі ўрад кажа аб дзьвюх сотнях ахвяраў, некаторыя праваабаронцы і гісторыкі налічваюць да сямі тысяч забітых. Кітай застаўся камуністычнай дыктатурай, у кітайскім інтэрнэце па запыце «Цяньаньмэнь» пакажуць што заўгодна акрамя расстрэлу дэманстрантаў, ды людзі памятаюць. Магчыма, дзякуючы пратэстам канца 80-х кітайскі ўрад пайшоў у рэшце рэшт на рэформы, дзякуючы якім сёньняшні Кітай — адна з галоўных эканомік сьвету.