Парыж: паліцыя ўжыла газ для разгону пратэстоўцаў, затрымана 100 чалавек

У нядзелю на плошчы Рэспублікі ў Парыжы прайшла дэманстрацыя экалягічных актывістаў, прымеркаваная да канфэрэнцыі па клімаце.

Акцыя была забароненая паліцыяй з-за дзеючага ў Францыі надзвычайнага становішча, уведзенага пасьля тэрактаў у Парыжы 13 лістапада. Аднак актывісты вырашылі правесьці дэманстрацыю, нягледзячы на забарону. Некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыі пратэсту закідалі паліцэйскіх бутэлькамі. У выніку паліцыя ўжыла для разгону натоўпу сьлезацечны газ, больш за 100 чалавек былі затрыманыя.

Сярод дэманстрантаў былі вядомая брытанская акторка Эма Томпсан, вядомая дызайнэрка і мадэльерка Вів’ен Вэствуд, а таксама лідэр Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі Джэрэмі Корбін. Ці быў затрыманы хто-небудзь зь іх — паліцыя не паведамляе.

Акцыя прайшла напярэдадні Саміту ААН па зьменах клімату, які адкрыецца ў Парыжы 30 лістапада. Усяго больш за дзесяць тысяч чалавек, паводле арганізатараў, і 4,5 тысячы, згодна з дадзенымі паліцыі, прынялі ўдзел у «жывым ланцугу» ў Парыжы, пратэстуючы супраць «кліматычнага надзвычайнага становішча». Многія маніфэстанты прыйшлі з таблічкамі з надпісамі: «Яны эксплёатуюць, яны забруджваюць, яны атрымліваюць выгаду! Тэрміновыя захады павінны быць прынятыя і ў сацыяльнай, і ў экалягічнай сфэры», — перадае карэспандэнт France-Presse.

На знак пратэсту супраць таго, што дэманстрантам не дазволілі прайсьці на Плошчу, яны заставілі вуліцу сваім абуткам.

Паліцыя на Плошчы Рэспублікі.