У Маскве зьнясуць адзін з карпусоў Крамля

14 корпус маскоўскага Крамля

Раней на яго рэканструкцыю было патрачана звыш 250 млн даляраў.

Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Расеі паведаміла 18 лістапада, што плянуецца дэмантаваць 14 корпус маскоўскага Крамля. У ім раней месьцілася Адміністрацыя прэзыдэнта, а да яе — Вярхоўны Савет СССР. Замест яго плянуецца аднавіць зьнесеныя ў 1930-м манастыры.

Каля паўтысячы супрацоўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта ў 2012 годзе перабраліся з Крамля ў будынак на Старой плошчы (менш як за кілямэтар ад Крамля). З таго часу 14 корпус быў завешаны тканінай — рэканструкцыя, якая пакрысе вялася з 2001 году, перайшла ў актыўную фазу. На яе было патрачана прыблізна 8 мільярдаў расейскіх рублёў, альбо каля 250 мільёнаў даляраў паводле тагачаснага курсу. Кампанія «Инжтрансстрой», якая займалася рэканструкцыяй, паводле кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, «ня справілася з заданьнем».

У 2014 годзе Пуцін прапанаваў у межах абвешчанай тады рэканструкцыі ўсяго Крамля аднавіць разбураныя камуністамі ў 1929–30 гадах Чудаў і Ўзьнясенскі манастыры, на месцы якіх у 1932–34 гадах быў збудаваны 14-ты корпус. Як паведаміла кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, праекты аднаўленьня манастыроў праходзяць цяпер экспэртызу. Канчатковы варыянт будзе прыняты «з улікам меркаваньняў усіх зацікаўленых арганізацыяў».

Маскоўскі Крэмль як цэлае ўваходзіць у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА, але 14-ты корпус сам па сабе ня лічыцца архітэктурным помнікам. Пра яго знос расейскія ўлады ўжо паведамілі ЮНЭСКА. Будынак 14-га корпусу збудаваны паводле праекту расейскага архітэктара Рэрбэрга, выкананы ў нэаклясычным стылі, мае форму трызуба.

Разам са зносам заплянаваныя археалягічныя раскопкі, якія могуць стаць для Крамля беспрэцэдэнтнымі па маштабах. Некаторыя гісторыкі лічаць, што пад 14-м корпусам могуць трапіцца знаходкі XIV стагодзьдзя і ранейшыя, часоў яшчэ драўлянага Крамля.