«Улады Беларусі пад шумок тэрактаў захочуць закруціць гайкі»

архіўнае фота

Ці выкарыстаюць беларускія ўлады трагічныя парыскія падзеі дзеля ўмацаваньня ролі спэцслужбаў? Ці будзе створаная супольная міжнародная кааліцыя супраць тэрарызму — Расея, Захад і Кітай? Ці здабудзе Менск палітычныя дывідэнды на гэтым фоне, альбо пра яго проста забудуць?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць кіраўнік праекту Belarus Security blog Андрэй Паротнікаў і намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: Пасьля парыскай трагедыі шмат якія краіны робяць пэўныя прэвэнтыўныя захады супраць тэрарызму. Ці будзе нешта такое ў Беларусі? Якраз незадоўга да тэрактаў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што сілавыя структуры занадта разрасьліся і іх варта скарачаць. Ці не адмовяцца цяпер улады ад гэтай ідэі?

Андрэй Паротнікаў

Паротнікаў: Па-першае, гаворка хутчэй ішла не пра скарачэньне ўласна спэцслужбаў, а пра аптымізацыю іхняга складу. То бок — скарачэньне бюракратычнай і забясьпечвальнай часткі. А апэратыўная частка будзе працаваць і надалей без скарачэньняў.

Што да прэвэнтыўных захадаў, то гэта адбываецца пасьля кожнага тэракту ў іншых краінах, ёсьць адпаведныя распрацаваныя пляны. Сёньня стаяць міліцыянты ў мэтро, спэцназаўцы на вакзалах. Ніякай надзвычайнасьці тут няма, праз тыдзень усё вернецца ў звычайны рытм.

Цыганкоў: Алесь, вы даволі доўга жылі ў Францыі. Цяпер выказваецца шмат меркаваньняў наконт настрояў францускага грамадзтва, ці здолеюць яны аб’яднацца ў процідзеяньні тэрарызму, ці ўспрымуць і падтрымаюць неабходныя захады. Якое ваша ўражаньне?

Алесь Лагвінец

Лагвінец: Супрацьдзейнічаць тэрарызму павінны дзяржаўныя органы, структуры, якія адзіныя маюць законную манаполію на ўжываньне гвалту. Францускае грамадзтва на сёньня выглядае аб’яднаным, салідарным. Цяперашні ўрад і прэзыдэнт зрабілі крокі, каб стварыць агульнанацыянальны кансэнсус наконт змаганьня з тэрарызмам. Былі прапанаваныя пэўныя законапраекты, выглядае, што грамадзтва гатовае супрацьстаяць. Уражвае тая карцінка, калі людзі, акрываўленыя, ішлі са стадыёну і сьпявалі «Марсэльезу».

Цыганкоў: Цяпер у Францыі ўведзена надзвычайнае становішча на пэўны пэрыяд, якое можа быць працягнутае. Ці грамадзтва падзяляе неабходнасьць такога кроку?

Лагвінец: Францускае грамадзтва вельмі цэніць свабоду і гатовае адстойваць свае правы. Але палітычная культура грамадзянаў Францыі даволі высокая, і на сёньня сапраўды можна казаць пра шырокую еднасьць людзей вакол таго, што павінны быць зробленыя ўсе неабходныя крокі дзеля змаганьня з тэрарызмам.

Цыганкоў: Гавораць пра магчымае ўтварэньне міжнароднай кааліцыі супраць тэрарызму — Расея, Захад і Кітай. Прыблізна тое, што было ў 2001 годзе пасьля 11 верасьня. Ці адбудзецца гэта цяпер, улічваючы кепскія адносіны паміж Захадам і Расеяй? Ці працягне Захад руку Маскве і ці даруе ёй апошнія грахі?

Паротнікаў: Я думаю, не. Бо насамрэч тое, што адбылося ў Францыі, — зьява даволі лякальная. Гэта ўжо чацьвёрты тэракт у Францыі за апошні год. Таму — пры ўсёй трагічнасьці сытуацыі — пакуль нельга казаць, што гэта падзея глябальнага ўзроўню, якая адразу прывядзе да геапалітычных зьменаў. «Антытэрарыстычныя кааліцыі» ўжо існуюць, іх дзьве. Адну ўзначальваюць ЗША, у другую ўваходзяць Іран, Расея, Ірак і «Хэзбала». Я вельмі цяжка ўяўляю, як тая ж «Хэзбала» будзе супрацоўнічаць з ЗША.

Хутчэй за ўсё, парог патрабаваньняў да Расеі будзе паніжаны

Лагвінец: Хутчэй за ўсё, парог патрабаваньняў да Расеі будзе паніжаны. Бо Расея апынаецца непазьбежным суразмоўцам у вайне супраць групоўкі ІДІЛ. Нават карцінкі сустрэчы Пуціна і Абамы на саміце дваццаткі былі б зусім іншыя, калі б не было гэтага тэракту ў Францыі. Францускае кіраўніцтва ўжо заявіла, што трэба супрацоўнічаць з ЗША і Расеяй, каб вырашыць сырыйскае пытаньне. Тут Расея, можна сказаць, «навязала» сама сябе як партнэра і праз гэта хоча легітымізаваць свае тэрытарыяльныя захопы і экспансію супраць Украіны. Але мне падаецца, што Захад ня будзе выкарыстоўваць Украіну як разьменную манэту дзеля таго, каб атрымаць больш прыхільнае стаўленьне Расеі ў сырыйскім пытаньні.

Цыганкоў: Якое месца Беларусі ў гэтай кааліцыі? Ці атрымае Менск дывідэнды на гэтым фоне, ці пра яго проста забудуць? Можа, Лукашэнка паспрабуе неяк падвысіць сваімі заявамі значнасьць Беларусі ў міжнароднай палітыцы?

Нам застаецца толькі стаяць убаку і сачыць за разьвіцьцём падзеяў

Паротнікаў: Я думаю, ніякіх асаблівых выгадаў Менск не атрымае — хаця б з той простай прычыны, што магчымасьці Беларусі тут вельмі абмежаваныя. Таму нам застаецца толькі стаяць убаку і сачыць за разьвіцьцём падзеяў.

Лагвінец: Улады Беларусі пад шумок захочуць закруціць гайкі і легітымізаваць той паліцэйскі рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі. Будзе яшчэ больш выкарыстоўвацца лёзунг стабільнасьці. Але мы ведаем, што спэцслужбы Беларусі больш завостраныя на змаганьне супраць палітычных апанэнтаў, а не на карысьць дзяржаўных інтарэсаў.

Адзінае, што можа зрабіць Беларусь у міжнародным кантэксьце — зрабіць так, каб Беларусь ніколі ня стала базай для міжнародных тэрарыстаў. І гэта, відавочна, будзе ажыцьцёўлена.

Вядома, Менск будзе спрабаваць скарыстаць гэтую сытуацыю, будуць казаць, што гатовыя далучыцца да агульнай барацьбы. Але ніхто ня будзе Менск успрымаць усур’ёз. Па-першае, Беларусь успрымаецца як краіна, вельмі залежная ад Расеі. Па-другое, у сваіх адносінах зь вялікімі дзяржавамі Масква не зьвяртае ўвагі на наяўнасьць нейкіх дробных хаўрусьнікаў. У гэтым сэнсе ўлады Беларусі як былі на пэрыфэрыі, так і застануцца.