Дырэктар ЦРУ папярэдзіў пра магчымасьць новых тэрактаў

Джон Брэнан

Дырэктар ЦРУ ЗША Джон Брэнан папярэдзіў, што баевікі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», якія ўзялі на сябе адказнасьць за тэракты ў Парыжы, могуць рыхтаваць і іншыя апэрацыі падобнага кшталту.

Джон Брэнан таксама заявіў, што ў той час як «Ісламская дзяржава» будзе «непазьбежна» спрабаваць праводзіць падобныя атакі і далей, яму «не здаецца непазьбежным, што яны даб’юцца посьпеху».

Брэнан выступіў 16 лістапада на канфэрэнцыі па бясьпецы, арганізаванай Цэнтрам стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне. Ён сказаў, што прадухіленьне патэнцыйных змоў можа быць цяжкай справай, таму што ў Эўропе службы выведкі і бясьпекі сур’ёзна перагружаныя, спрабуючы адсочваць сотні экстрэмістаў, якія вярнуліся дадому пасьля баявых дзеяньняў у Сырыі і Іраку.

ЗША і эўрапейскія службы выведкі не пацьвердзілі адказнасьць тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» за тэракты ў Парыжы, у выніку якіх загінулі 129 чалавек, але Брэнан сказаў, што гэтыя напады, а таксама катастрофа 31 кастрычніка расейскага авіяляйнэра, у выніку якой загінулі 224 чалавекі — «нясуць на сабе адметныя рысы» дзеяньняў ісламісцкай групоўкі. Брэнан назваў «Ісламскую дзяржаву» арганізацыяй сацыяпатаў-забойцаў, якія рабілі свае злачынныя і амаральныя акцыі пад прыкрыцьцём развагаў аб рэлігіі.

Дырэктар ЦРУ выказаўся за «беспрэцэдэнтнае» аб’яднаньне намаганьняў сусьветнай супольнасьці для барацьбы з экстрэмісцкай пагрозай. Для гэтага неабходна ня толькі выкарыстаньне дыпляматычных каналаў, але і правядзеньне «выведных, праваахоўных і ваенных апэрацый», — заявіў ён, выступаючы ў Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне.

Брэнан таксама выказаў спачуваньні Расеі і Францыі з нагоды гібелі мірных грамадзян.