Радзіма Гарэцкага. Вёска памірае, музэй патрабуе рамонту

Абязьлюдзець, як ужо шмат якія беларускія вёскі, можа і Малая Багацькаўка, што ў Мсьціслаўскім раёне. Адсюль пайшоў на сьвет клясык беларускай літаратуры Максім Гарэцкі, рэпрэсаваны сталінскай уладай.

На Мсьціслаўшчыне, у вёсцы Малая Багацькаўка, больш за два дзясяткі гадоў існуе літаратурны музэй Максіма Гарэцкага. Гэтая вёска — радзіма клясыка беларускай літаратуры і грамадзкага дзеяча, які загінуў у гады сталінскіх рэпрэсіяў. Пра вёску Гарэцкага, яго землякоў і музэй — сюжэт беларускай Свабоды.

Малая Багацькаўка памірае. Тут дажываюць свой век адны пэнсіянэры. У восеньскую пару ў вёсцы сум. На вуліцы ні душы. Сядзібы без прыгляду зарастаюць кустоўем і пустазельлем.

Сям-там у зьдзічэлых садах вытыркаюцца рэбры аголеных дахаў сялянскіх хат. У больш-менш дагледжаных дварах яшчэ цепліцца жыцьцё.

У вёсцы Малая Багацькаўка

У васьмідзесяцігадовай гаспадыні адной з такіх хат пытаю, ці памятае яна Гарэцкіх і што чула пра аднаго зь іх — Максіма. Пра род Гарэцкіх суразмоўніца шмат ня ведае. Пра Максіма Гарэцкага кажа па-простаму: «Відаць, ён харошы быў чалавек».

«Празь яго нам і дарогу праклалі. А жылі яны там, дзе цяпер музэй. Там іхная хата стаяла. Дзякуючы яму мы хоць жыцьцё ўбачылі. Тут гразка было. Не даехаць. Трактар наймалі, каб выехаць на асфальт. Дужа цяжка было. А цяпер, дзетухна, слава богу. Толькі жыць няма каму. Засталося толькі сем чалавек, і тыя адзіночкі. Хто ўдавец, а хто ўдава».

На пытаньне, ці цяжкое жыцьцё ў вёсцы, якая вымірае, суразмоўніца, вызваляючы ад посуду месца, каб госьць сеў, адказвае: дзеці ды ўнукі дапамагаюць.

«Хату пафарбавалі. Абкасілі навокал. Лаўка да нас прыяжджае два разы на тыдзень. Тады зьбіраемся ўсёй вёскай разам. Пэнсію плацяць у час. Усё добра. Толькі здароўя няма. Жыцьцё сканчаецца. Каб толькі ціха ў нас было. Колькі людзей цяпер гіне. Як наглядзісься ды расхвалюесься...».

Літаратурны музэй Максіма Гарэцкага — філіял мсьціслаўскага раённага гісторыка-археалягічнага музэю.

Ён пасярод вёскі. Насупраць невялікі пляц. Сюды пад’яжджае аўталаўка. Тут і паштовыя скрынкі ўсіх жыхароў Малой Багацькаўкі.

Музэй адкрылі ў 1993 годзе. Гэта звычайная сялянская хата, падзеленая калідорам на дзьве палавіны. У адной — экспазыцыя пра творчы і жыцьцёвы шлях Максіма Гарэцкага і яго блізкіх. Другая палова хаты этнаграфічная — перадае абстаноўку сялянскага побыту, у якім жылі Гарэцкія.

Усярэдзіне музэй дагледжаны. Усё тут па-простаму. Ня кідкія, але інфарматыўныя экспанаты, нефарбаваная падлога. Экскурсіі — на беларускай мове.

Экспанаты. У этнаграфічнай палове музэю

Экспанаты. Мяшэчак зь віленскай зямлёю прывезьлі беларусы Літвы

«Я калі пачынаю экскурсію, дык кажу, што Максім Гарэцкі — гэта наш беларускі пісьменьнік, таму гаварыць пра яго я буду на беларускай мове. Праблемаў не было з гэтым. У нас жа і беларускія школы ёсьць, і расейскія, але там жа беларускую мову выкладаюць. Таму ведаюць школьнікі мову. Найбольш школьнікаў цікавіць этнаграфічная частка музэю. Там — наша печка беларуская», — кажа загадчыца музэю Марыя Пляшкова.

Марыя Пляшкова расказвае пра Гарэцкіх

Паводле яе, музэй Гарэцкага не застаецца без наведнікаў. Сюды рэгулярна прыяжджаюць на экскурсіі школьнікі і неабыякавыя да беларускай культуры людзі.

Суразмоўніца адзначае, што ў літаратурнай частцы музэю наведнікі часьцей за ўсё спыняюцца каля стэнду аб зьняволеньні пісьменьніка і ягонай сьмерці. На адно пытаньне Марыя Аляксандраўна ня можа адказаць пэўна — як загінуў пісьменьнік.

Два пасьведчаньні пра сьмерць Максіма Гарэцкага

«Заўжды задаюць пытаньні, чаму на стэндзе два пасьведчаньні аб сьмерці. Я адказваю, як і вам — ня ведаю. Паводле афіцыйнай інфармацыі, Максім Гарэцкі расстраляны. А паводле неафіцыйнай — кровазьліцьцё ў мозг. Памёр у Комі АССР у 46 год».

Звонку музэй вымагае рамонту. Некаторыя бярвеньні спарахнелі ды зацьвілі. Багата якія патачыў шашаль.

Звонку будынак музэю вымагае рамонту

На працягу апошніх пяці год музэем апякуюцца актывісты Таварыства беларускай мовы з Магілёва ды Дрыбіна. У мінулую нядзелю яны наведаліся ў Малую Багацькаўку, каб дапамагчы падрыхтаваць музэй да зімы.

ТБМ-аўцы за працаю ў музэі

«Літаратурны музэй даволі далёка ад Магілёва, — кажа старшыня магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў. — Сюды нязручна езьдзіць. Наша арганізацыя невялікая, але мы ўзялі шэфства над музэем. Ён занядбаны, на вялікі жаль. Наша праца — дробязь: падлогу памыць, пыл працерці. На могілках прыбраць. Яшчэ пару гадоў, і гэтай вёскі ня будзе. А вось літаратурны музэй мусіць застацца, бо Гарэцкі ня проста пісьменьнік. Гэта клясык. Пачынальнік сучаснай беларускай літаратуры».

«Не было б Гарэцкага, і, відаць, нашай дзяржаўнасьці не было б, — дадае тэбээмавец. — А сёлета, пагатоў, яшчэ юбілей брата Максіма Гарэцкага — Гаўрылы. А пра яго ў нас так ніхто і не згадаў як сьлед. Ён жа стаў самым маладым акадэмікам. Выбітная асоба. Адзін з пачынальнікаў беларускай навукі».

На вясковых могілках пахаваныя маці і бацька Гарэцкіх — Ахрасіньня Міхайлаўна і Іван Кузьміч.

Магіла маці і бацькі Максіма Гарэцкага

З мэдальёна на невялікім абэліску яны глядзяць, як памірае іхная вёска. Недзе ля хаты-музэю пахаваная каса сястры Максіма Гарэцкага — Ганны. Ганна трагічна загінула маладой у Маскве. Там жа і пахавана.

Вяртаючыся з кладоў, завітаў да гаспадыні яшчэ адной сядзібы. Назвалася яна Галінай Васільеўнай. На пытаньне, ці вялікая была Малая Багацькаўка, кабета адказала: сорак двароў. «У кожным было па карове, а то і па дзьве, — згадала яна. — А потым старыя пачалі выміраць, а моладзь ня хоча заставацца ў калгасе. Зьяжджае».

Апавёўшы пра мясцовае жыцьцё, пра музэй, пра дэлегацыі, якія наведваюць яго, паскардзілася журналісту на работнікаў раёну, якія, паводле яе, зламалі стары калодзеж.

Паламаны калодзеж. Замест журава – круцёлка

«Гэты калодзеж дужа каштоўны, — заявіла вяскоўка. — Ён з таго часу, як жыў яшчэ наш пісьменьнік Гарэцкі. І зламалі яго. Над калодзежам была вага жураўлём. Яе зьнялі і паставілі круцёлку. Вы як журналіст мо зробіце што, каб вярнулі ўсё на месца. Гэты калодзеж — рэліквія музэю. А дзе ты старой накруцісься гэтай круцёлкай».

«Хацелі зусім гэты калодзеж зьнесьці, — абураецца старая, — дык я села ля яго і кажу работнікам: „Закапайце мяне ля яго“. Так і не дала зьнесьці».

На адным з фатаздымкаў у музэі сапраўды калодзеж з журавом. Загадчыца музэю кажа: прыбралі такі патрэбны старым падважнік, калі яе не было на працы. Прыгадала, што нямала было ахвотных сфатаграфавацца побач са студняю з рэдкім для навакольля журавом, які застаўся з часоў, калі жыў Максім Гарэцкі.