Швэцыя ўвяла памежны кантроль на марской мяжы з Даніяй і ФРГ

Ілюстрацыйнае фота

Сёньня раніцай на паромы Stena Line, якія курсуюць паміж швэдзкім Трэлеборгам і нямецкім Растокам, прапускаліся толькі пасажыры з пашпартамі або пасьведчаньнямі асобы стандарту ЭЗ.

Каля трохсот паліцэйскіх будуць ажыцьцяўляць праверку дакумэнтаў у паўднёвай швэдзкай правінцыі Сконэ, якая мяжуе праз Балтыйскае мора з Даніяй і Нямеччынай. Гэтая экстраная часовая мера, як чакаецца, павінна ўпарадкаваць і значна паменшыць плынь уцекачоў, якія прыбываюць з гэтых краінаў Шэнгенскай зоны праз Арэсунскі мост і пасажырскі паром. Пра гэта паведамляе са Стакгольма Вольга Максэ.

Штодня больш за 100.000 грамадзян перасякаюць паўднёвую мяжу Швэцыі ў абодва бакі, і паліцыя ня ў стане правяраць дакумэнты ва ўсіх. Аднак, па словах шэфа апэратыўнага аддзела паліцыі паўднёвага рэгіёну Лэйфа Франсана, выбарачная праверка дакумэнтаў закране каля 75 працэнтаў пасажыраў цягнікоў, электрычак, а таксама паромных зносінаў паміж трыма краінамі. Легкавы транспарт пакуль ня будзе падвяргацца кантролю. Пры адсутнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць асобу, а таксама легальнай мэты наведваньня Швэцыі (уключаючы зварот па атрыманьне статусу ўцекача), паліцыя мае права выправадзіць парушальніка за межы краіны. Сёньня раніцай на паромах Stena Line, якія ходзяць паміж швэдэкім Трэлеборгам і нямецкім Растокам, на борт прапускаліся толькі пасажыры, якія маюць пашпарты або пасьведчаньні асобы стандарту ЭЗ.

Толькі за мінулы тыдзень у пункт прыёму ўцекачоў у цэнтры Мальмё зьвярнулася больш 10.200 мігрантаў, зь іх 2700 сырыйцаў і 4300 жыхароў Аўганістана.

Улады Нарвэгіі, Даніі і Фінляндыі віталі швэдзкую ініцыятыву ў надзеі на тое, што ўвядзеньне памежнага кантролю павінна аказаць стрымальны эфэкт на мігрантаў, якія ня маюць дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць асобу.