«Джон Сільвэр» эміграваў зь Беларусі ва Ўкраіну пасьля арышту і псыхушкі

Ананімны стваральнік сайта 1863x.com распавёў Свабодзе, як яго затрымлівалі спэцслужбы.

У траўні стваральнік скандальнага сайту 1863x.com «Джон Сільвэр», сапраўднае імя якога чытачам не вядомае, перастаў выходзіць на сувязь у сацсетках. Праз два тыдні знаёмыя забілі трывогу, а яшчэ праз два тыдні ён зьявіўся і патлумачыў сваю адсутнасьць кансьпірацыяй у сувязі з тым, што яго перасьледавала ФСБ Расеі.

Толькі праз паўгода ён распавёў, куды насамрэч прападаў у той час. Як выявілася, яго затрымалі беларускія спэцслужбы, завялі дзьве крымінальныя справы і на месяц пасадзілі ў псыхлякарню. Цяпер ён пакінуў Беларусь і знаходзіцца ў бясьпецы. «Джон Сільвэр» даў Свабодзе першае эксклюзіўнае інтэрвію.

— Раскажы, за што цябе затрымалі?

— Супраць мяне распачалі дзьве крымінальныя справы: гэта артыкул 130 ч. 1 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці) і артыкул 343 ч.2 (распаўсюджваньне парнаграфіі). Ім не спадабаўся артыкул пад назвай «Забіць рускі сьвет».

— Цябе затрымалі за крытыку «рускага сьвету»?

— Ня толькі. Яшчэ і за падтрымку Ўкраіны. Большасьць артыкулаў, у якіх шукалі экстрэмізм, былі прысьвечаныя ёй. Напрыклад, гэты: «5 прычынаў, дзеля якіх Украіна пераможа РФ».

— Куды ты зьехаў з Беларусі? І чаму?

Я зьехаў ва Ўкраіну перад выбарамі, бо зь дзьвюма крымінальнымі справамі шанцы, што я застануся на волі, былі вельмі малыя.

— Я зьехаў ва Ўкраіну перад выбарамі, бо зь дзьвюма крымінальнымі справамі шанцы, што я застануся на волі, былі вельмі малыя. Пры гэтым справа да суду магла ісьці доўга, і мне трэба было рабіць выбар — альбо сядзець ціха, альбо працягваць сваю справу далей. Ва Ўкраіну зьехаў, бо гэта маральна правільна. Большасьць артыкулаў, да якіх мела прэтэнзіі сьледзтва, тычыліся ўкраінскай тэматыкі.

— А як цябе знайшлі?

— Я ня ведаю. Хутчэй за ўсё, уключыў ня тую сімку, ня там, дзе трэба.

— Цябе пасадзілі ў псыхіятрычную лякарню. Навошта? І як там было?

— Гэта была судова-псыхіятрычная экспэртыза. Мяне накіравалі ў Навінкі. Экспэрт мне адразу даў зразумець, што я нармальны, але абсьледаваньне будзе доўжыцца каля месяца. У бытавым і маральным пляне там, вядома, ня вельмі прыемна знаходзіцца. Ты адрэзаны ад сьвету, ды яшчэ нам гарачую ваду адключылі, таму штотыднёвая лазьня ў мяне ператварылася ў штомесячную. Лякарня нагадвала турму. Ёсьць міліцэйская ахова, камэры зь мікрафонамі, санітары. Але ніякай тэхнікі. Не было ні тэлевізара, ні радыё.

— Ты не баісься за наступствы?

Страх ёсьць, але не за сябе. Страшней, калі ты можаш нанесьці шкоду блізкім.

— Страх ёсьць, але не за сябе. Страшней, калі ты можаш нанесьці шкоду блізкім. Я не баяўся суду па першай справе, нават разумеючы, што нармальнага правасудзьдзя ў Беларусі няма. Але калі я зразумеў, што мне будуць «шыць» парнаграфію, замест страху прыйшла злосьць. Пасьля допытаў у маёй нявесты зьявіліся сівыя валасы.

— Ты будзеш і далей займацца сваёй дзейнасьцю?

— Так, Сьледчы камітэт і спэцслужбы не пакінулі мне выбару. Яны зламалі маё звыклае жыцьцё, праехаліся сілавым катком, адабралі ўсю тэхніку і грошы. Цяпер у мяне застаўся толькі сайт.

— Ты плянуеш вяртацца ў Беларусь?

— У Беларусь вярнуся пры першай магчымасьці. Альбо калі ўсё будзе вельмі дрэнна, альбо калі ўсё вельмі добра.

Поўная гісторыя тут.