Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША прыехалі ў Менск без «дарэмных ілюзіяў»

У Менску зь візытам знаходзяцца прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША: намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаньнях Эўропы і Эўразіі Брыджыт Брынк і намесьнік памочніка дзяржсакратара па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Робэрт Бяршынскі.

Амэрыканскія дыпляматы ўжо пасьпелі наведаць Курапаты і сустрэцца зь лідэрамі апазыцыі.

Як паведаміў Радыё Свабода старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустрэча была грунтоўная і дастаткова працяглая.

«Зьмест уступных словаў прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту ЗША палягаў у тым, што цяпер адбываецца інтэнсыфікацыя дыялёгу паміж урадамі Беларусі і ЗША, і яны падыходзяць дастаткова рэалістычна да гэтага. То бок яны імкнуцца ня мець нейкіх дарэмных ілюзіяў. Разам з тым яны лічаць такое разьвіцьцё стасункаў важным», — кажа палітык.

Прадстаўнікі апазыцыі, у сваю чаргу, выказаліся наконт свайго бачаньня сытуацыі ў Беларусі і беларуска-амэрыканскіх адносінаў.

«Са свайго боку я падкрэсьліў нашу пазытыўную ацэнку таго, што такі дыялёг адбываецца, таго, што Злучаныя Штаты трымаюць пэўную ініцыятыву ў разьвіцьці пэўнага дыялёгу. Пры гэтым важна, каб такі дыялёг на ўрадавым узроўні быў абумоўлены і каб была доўгатэрміновая пакрокавая стратэгія: кожны бок робіць свой крок у адказ на нейкі адпаведны крок іншага боку», — распавёў Янукевіч.

Лідэр Партыі БНФ асобна падкрэсьліў важнасьць таго, каб разьвіцьцё стасункаў паміж Вашынгтонам і Менскам не пацягнула за сабой абмежаваньня падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Аляксей Янукевіч

«Прыклад Украіны вельмі добра сьведчыць, што нават калі ёсьць моцная аўтарытарная ўлада, воля грамадзтва можа адыграць большую ролю ў вызначэньні і геапалітычнай арыентацыі краіны, і той дзяржаўнай сыстэмы, якая ў гэтай краіне будзе ўсталяваная. Відавочна, што Расея зрабіла высновы з украінскай сытуацыі, і сёньня ў Беларусі Крэмль імкнецца працаваць ня толькі з урадам, але і імкнецца стварыць цэлую сетку розных арганізацыяў і мэдыяў для таго, каб уплываць наўпрост на беларускае грамадзтва. Гэта інфармацыйная праца, гэта падтрымка прарасейскіх грамадзкіх арганізацыяў, падтрымка прарасейскіх аналітычных прац і г.д. Тут вельмі важна, каб Захад таксама падтрымаў беларускае грамадзтва і тую яго частку, якая імкнецца абуджаць нацыянальную сьвядомасьць беларусаў і імкненьне да свабоды і дэмакратыі. Тым больш у сёньняшняй сытуацыі, калі ў межах разьвіцьця дыялёгу з Захадам беларускія ўлады абмяжоўваюць выкарыстаньне сілы, рэпрэсіўнай машыны супраць дэмакратычных актывістаў. Гэта, у прынцыпе, стварае больш магчымасьцяў для грамадзкіх арганізацыяў, таксама як і для дэмакратычнай апазыцыі», — упэўнены Януукевіч.

Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША таксама зьбіраюцца сустрэцца з грамадзянскай супольнасьцю і беларускімі ўладамі.

«Таксама я ведаю, што перад сустрэчай з намі прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту наведалі Курапаты. Я лічу гэта важным знакам зь іхняга боку і для беларускага грамадзтва, і для беларускіх уладаў», — дадаў Янукевіч.