Ушанаваньне памяці тых, хто загінуў у Першую ўсясьветную вайну

Your browser doesn’t support HTML5

Апошнія чатыры дзясяткі гадоў свайго жыцьця графік, іканапісец Барыс Цітовіч прысьвяціў пошуку і аднаўленьню зьвестак пра загінулых салдатаў забытай вайны. У сярэдзіне 1970-х разам з жонкай Валянцінай яны пераехалі зь Менску ў Забродзьдзе пад Вілейкай. Неўзабаве Барыс Цітовіч наткнуўся ў лесе на зарослыя мохам магілы. Па архіўных дакумэнтах высьветліў, што тут хавалі салдатаў, якія паміралі ў лязарэце ад цяжкіх раненьняў і тыфусу. Празь нейкі час на ўласныя сродкі Цітовічаў і прыватныя ахвяраваньні ля Забродзьдзя паўстаў першы ў Беларусі мэмарыял на месцы лязарэтных могілак, а пасьля — капліца-помнік і званіца ў гонар палеглых. Побач з царквой разьбіты Парк памяці, а першыя дрэвы на алеі ў 1984 годзе разам з Барысам Цітовічам пасадзілі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч.