Тысячы польскіх афіцэраў атрымалі ананімныя званкі з Расеі. Ідзе сьледзтва

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

Польская служба вайсковай контарвыведкі вядзе сьледзтва па факце ўцечкі дадзеных вайскоўцаў. Пра гэта паведамляюць газэта Nasz Dziennik і Радио Польша (для замежжа).

У Польшчы разьбіраюцца, як Расея атрымала доступ да службовых тэлефонных нумароў некалькіх тысяч польскіх афіцэраў. Таямнічыя званкі паступалі як вайскоўцам, так і цывільным асобам.

Некаторым зь іх тэлефанавалі па некалькі разоў. На экранах тэлефонаў зьяўляўся нумар расейскага апэратара, які аказвае платныя тэлефонныя паслугі.

Абанэнты, якія званілі, чакалі злучэньня, пасьля чаго клалі слухаўку.

У выпадку, калі адрасат ператэлефаноўваў, зь яго рахунку здымаліся грошы, часам вялікія сумы.

«Гэта вельмі складаная справа. Мы цяпер праводзім праверку», — паведаміў прэс-сакратар Міністэрства абароны Польшчы палкоўнік Яцэк Соньта. Усе нумары тэлефонаў вайскоўцаў належаць да тэлефоннай сеткі Плюс, апэратарам якой зьяўляецца кампанія Polkomtel.