Апытаньне ў Гомелі: «Гэта ня ён адсунуў Алексіевіч ад сябе — гэта яна адсунула Лукашэнку на задворкі»

Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Алексіевіч

«Ці ведаеце вы, чаму Лукашэнку не падабаецца грамадзянская пазыцыя нобэлеўскай ляўрэаткі Алексіевіч? На чыім баку асабіста вы ў гэтай спрэчцы?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Your browser doesn’t support HTML5

Чаму Лукашэнку не падабаецца грамадзянская пазыцыя нобэлеўскай ляўрэаткі Алексіевіч? Разважаюць гамельчукі

Кабета сярэдніх гадоў: «Алексіевіч на ўсе пытаньні пра тое, што адбываецца ў нашай краіне, у тым ліку і пра нядаўнія выбары, дала свае меркаваньні: Лукашэнка залежыць ад Расеі, ад Пуціна. Ня трэба нейкіх там „зялёных чалавечкаў“, ваенных апэрацыяў, варта толькі адключыць газ і нафту — і мы будзем зімаваць, як на лёдзе. Казала, што выбары ў нас як пры Сталіну: няважна, як галасуюць, важна, як лічаць. Таму Лукашэнка і казаў, што Алексіевіч выліла на краіну цэбар бруду. Я на баку Алексіевіч, яна кажа праўду».

Пэнсіянэр: «Выдатнага ў Алексіевіч нічога няма. Яе выказваньняў не падзяляю, хоць я не падзяляю і пазыцыю Лукашэнкі».

Кабета ў гадах: «Ну, нам, людзям, хтосьці калісьці не падабаецца. Так і ён. Можа, у яго антыпатыя да яе. Магчыма, тое, што яна піша, яму не падабаецца. У яе цяжкія кнігі. Кепска адклікаецца? Мы ж пра яго іншым разам ад злосьці таксама кепска кажам. Так і жывём, такая мы нацыя».

Студэнт: «Ён наагул не прывык да крытыкі. Усе людзі павінны думаць, як ён — гэта значыць па загадзе. Такое маё меркаваньне».

Пяцідзесяцігадовы мужчына: «У Лукашэнкі гэта канкурэнтка. Ён у нас галоўны пісьменьнік, хакеіст, футбаліст, камбайнэр і гэтак далей. Таму яму й не падабаецца пазыцыя, бо нобэлеўскага ляўрэата далі не яму, а Алексіевіч. Асабіста я, канечне, на баку Алексіевіч. Яна сапраўдная пісьменьніца. Лукашэнка — гэта дырэктар адсталага саўгаса, які цяпер ператварыў у саўгас усю нашу дзяржаву».

Рабочы: «Яму шмат што не падабаецца. У Лукашэнкі трэба спытаць, а ня ў нас. Няхай яны самі спрачаюцца. У мяне ёсьць з кім спрачацца без Лукашэнкі і Алексіевіч».

Кабета інтэлігентнага выгляду: «Я ведаю, што калі яна толькі выпусьціла першыя кнігі, то вымушана была зьехаць за мяжу з-за крытыкі Лукашэнкі. А цяпер яна вярнулася ў Беларусь і, па-мойму, яе ўсе ўшаноўваюць, у тым ліку і сам прэзыдэнт віншаваў яе з гэтай прэміяй. Усё, што робіцца ў гэтым сьвеце, трэба, каб людзі ведалі. І калі яна піша пра гэта і ёй далі прэмію, значыць, яе праца таго заслугоўвае. Значыць, гэта праўда і людзям гэта цікава. У любым выпадку, пры любой уладзе — хто б там ні быў — трэба паважаць думку чалавека».

Студэнт-другакурсьнік: «Магчыма, таму, што яна крытыкуе ўрад Беларусі».

Грамадзкі актывіст: «Лукашэнка — савецкі чалавек. І краінай ён кіруе па-савецку. Ён не разьвіваецца, ён застаўся ў мінулай эпосе. Я не магу быць на баку Лукашэнкі. Бо Лукашэнка — гэта мінулае, а я хачу жыць будучым. А будучае — гэта Алексіевіч».

Інжынэр-будаўнік: «Падобная сытуацыя была з Бродзкім. Я думаю, што цяпер мала хто памятае, калі наагул памятаюць, пры чыёй уладзе выганялі Бродзкага з Савецкага Саюзу. Хто там быў — Хрушчоў, Брэжнеў? Аднак цяперашняе пакаленьне добра ведае, хто такі Бродзкі. Будзе прыкладна тое ж самае. Пройдзе некаторы час, усе будуць ведаць Алексіевіч, але мала хто будзе ведаць Лукашэнку. Магчыма, толькі ў зьвязку з тым, што гэта першы прэзыдэнт Беларусі, і то нейкі няўдалы. Пазыцыю Лукашэнкі могуць падтрымліваць толькі зацікаўленыя структуры, ім жа і створаныя. Нобэлеўскага ляўрэата, тым больш першага ў Беларусі, трэба на руках насіць. Гэта сумленьне нацыі — так атрымліваецца. А Лукашэнка спакойна яго адсоўвае ад сябе. Але гэта ня ён адсунуў Алексіевіч ад сябе — гэта яна адсунула Лукашэнку на задворкі.Там яму й месца».