Удзельнікаў акцыі 11 кастрычніка пасьля прафіляктычнай размовы адпусьцілі зь міліцыі без складаньня пратаколаў

Падчас акцыі на плошчы Незалежнасьці 11 кастрычніка 2015 году

19 кастрычніка з актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова, Мікалая Коласа і Аляксандра Рыбачэнкі ў Цэнтральным РУУС Менску ўзялі тлумачэньні, пасьля чаго ўсіх трох адпусьцілі дамоў без складаньня пратаколаў. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў Леанід Кулакоў, які атрымаў позву ў міліцыю напярэдадні.

Леанід Кулакоў

«Са мной правялі гэтак званую прафіляктычную размову, запісалі мае тлумачэньні, чаму я быў на недазволеным мітынгу на плошчы Незалежнасьці 11 кастрычніка, і адпусьцілі, нават не склалі пратаколу. Гэтаксама міліцыянты дзейнічалі і адносна Мікалая Коласа і Аляксандра Рыбачэнкі. Актывістцы Марыі Касьян, якая сама прыехала ў міліцыю, сказалі, што яе нібыта не выклікалі. Дзіўныя рэчы адбываюцца, але што ёсьць — тое і ёсьць», — сказаў Леанід Кулакоў.

Чым Леанід Кулакоў тлумачыць той факт, што гэтым разам за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі актывістаў не пакаралі нават штрафамі?

«Усё проста: у дзяржавы скончыліся грошы, а Расея крэдыту не дае, бо сама патрацілася на вайну ва Ўкраіне, а цяпер яшчэ і ў Сырыі. Нашым уладам абавязкова патрэбны крэдыт ад МВФ, вось і гатовыя цярпець дэмакратыю. Таксама ім трэба, каб усё ж хаця б прыпынілі санкцыі. Таму таксама вытрымліваюць паўзу ў рэпрэсіях».