Рашэньне па кадэтах будзе прымацца ў панядзелак

Супярэчлівая інфармацыя паступае пра дырэктара Берасьцейскай абласной кадэцкай вучэльні Аляксандра Калько і кадэтаў, якія выставілі ў сацыяльных сетках фота у цішотках з «Пагоняй».

Мабільны тэлефон самога Аляксандра Калько не адказвае. У суботу паведамлялася, што бацькі аднаго з кадэтаў забралі дакумэнты сына і павезьлі яго дадому. А ў самой вучэльні прайшоў сход з удзелам настаўнікаў і кадэтаў. Журналістка Алена Якжык напісала ў нядзелю на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«#ПагоняПобач паразмаўляла з адным з ястрамбельскіх кадэтаў. Ціск хлопцы перажылі вельмі моцны, але магутная падтрымка, якую яны назіраюць, у тым ліку, у сеціве, ім вельмі дапамагае. Іх НЕ адлічваюць. Дырэктар вучэльні НЯ звольнены. З нагоды чацьвёртага, якога ў пятніцу ўвечары забралі дадому бацькі, цяпер інфармацыя падаецца так: яго не адлічылі, а проста бацькам «прапанавалі забраць дакумэнты». Што па сутнасьці, само сабой, сэнсу не мяняе. Сёньня ў Ястрамбель для «выхаваўчай гутаркі» прыедуць бацькі траіх, якія засталіся. А ў панядзелак будзе прымацца рашэнне па чацвёртым хлопцу (яго зноў прывязуць сваякі), так што, не выключаю, што пасля шуміхі, яго бацькам «прапануюць вярнуць дакумэнты».