«Мяне затрымалі правільна і граматна», — правакатар з расейскім сьцягам

Сябар затрыманага хлопца з расейскім сьцягам паведаміў Свабодзе аб тым, што ведаў пра намер актывіста суполкі «Антымайдан» Дзьмітрыя Маісеенкі пайсьці на Плошчу.

15 кастрычніка міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч паведаміў журналістам: хлопец з расейскім трыкалёрам, які правакаваў людзей падчас мітынгу на плошчы Незалежнасьці ў дзень выбараў, быў затрыманы.

Паводле словаў Шуневіча, правакатар знаходзіўся пад узьдзеяньнем алькаголю. Аднак падрабязнасьці затрыманьня міністар не распавёў. Ня змог ён удакладніць і зьвесткі наконт грамадзянства правакатара — маўляў, пакуль ня можа камэнтаваць сытуацыю.

Перад гэтым, 13 кастрычніка, карэспандэнт Свабоды зьвязаўся зь Дзьмітрыем Маісеенкам — менавіта такое сапраўднае яго прозьвішча — праз сацсетку «Укантакце», дзе аматар расейскай сымболікі фігуруе пад імем «Дима Иванов». Спачатку хлопец адмовіў у інтэрвію са словамі «Меня не интересует твоя аудитория, и „жыве Беларусь“, и всё это», але праз пэўны час пагадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў, бо жадаў, «чтобы до вас дошло». Што мусіла дайсьці і да каго канкрэтна — не зусім зразумела. Тым ня менш, журналіст Свабоды дамовіўся сустрэцца зь Дзьмітрыем ля кінатэатру «Салют» а сёмай вечара.

У перапісцы Маісеенка папярэдзіў, што будзе не адзін, а зь сябрамі, якія «просто посмотрят», а таксама адмовіўся заходзіць у любыя памяшканьні. "Я ограждаю себя от облавы»,— заявіў ён карэспандэнту.

А пасьля Дзьмітры напісаў вельмі дзіўную рэч: «Когда КГБ брал меня... такие же есть, как и вы, с бчб-флажком... Опасность есть везде. Теперь, после 12-ти часов в камере я понял».

Што ён меў на ўвазе, калі інфармацыя аб затрыманьні зьявілася толькі 15 кастрычніка, а раней такіх выпадкаў падчас сёлетніх мітынгаў не здаралася? І ў наступны момант ён піша: «Меня задержали правильно и грамотно» і «Я сделал выбор за Лукашенко, он представляет мой выбор». Дарэчы, журналісты, якія здымалі інцыдэнт на Плошчы на камэру, памятаюць: хлопец крыкнуў «Лукашэнка!» перад тым, як зьбегчы ў бок гатэлю «Мінск».

Як бачна, перапіска атрымалася блытанай, нават склалася ўражаньне, быццам адказвалі адразу некалькі чалавек.

На прызначаную сустрэчу наш суразмоўца не прыйшоў, а празь дзьве гадзіны даслаў паведамленьне ў сацсетцы, што журналісту ўвогуле ня трэба было ехаць. Перанесьці размову на наступны дзень ён не пажадаў, толькі сказаў, што мусіў вырашыць нейкую праблему. З таго вечару сувязь зь ім абарвалася. Па нумары мабільнага, знойдзеным намі праз даведку, ніхто не адказваў.

На наступны дзень пасьля мітынгу ў прарасейскай суполцы «Антимайдан Беларусь» зьмясьцілі навіну пра «паказальны выступ» Маісеенкі, дзе яго называлі «актывістам антымайдану». Гэтая інтэрнэт-суполка з амаль трыма тысячамі падпісантаў вядомая сваім агрэсіўным стаўленьнем да ўсяго беларускага. Сярод тых, хто пашырыў навіну, выявіўся сябар Дзьмітрыя, падпісаны «Укантакце» як «Саня Минский», у чыім сьпісе сяброў мы налічылі ня менш за 7 розных чалавек з такой мянушкай. Наш карэспандэнт патэлефанаваў па нумары, указаным на старонцы.

— Добры дзень, скажыце, калі ласка, ці ведаеце Вы Дзьмітрыя Маісеенку?

— Так, ведаю.

— Вам вядома, што яго затрымалі?

— Так. А адкуль Вы ўзялі гэты нумар?

— Ён пазначаны ў Вашым акаўнце. Ці маеце Вы нейкія зьвесткі пра магчымае месцазнаходжаньне сябра?

— Так, але гэта прыватная інфармацыя, я не магу сказаць.

— Калі вы апошні раз размаўлялі зь ім?

— У суботу.

— Ён не казаў нічога пра акцыю?

— Мы ведалі, што ён зьбіраўся там быць.

— Вы разам належыце да нейкай арганізацыі?

— Я — не. Пра Дзіму ня маю права камэнтаваць.

— Маглі б мы сустрэцца, каб задаць Вам пытаньні не па тэлефоне?

- Пад’яжджайце... вуліца Ваўпшасава, 29... не... чакайце, ня трэба сюды ехаць!

Падчас размовы можна было дакладна пачуць, як хлопец адначасова з кімсьці раіўся шэптам.

Дзьмітры Маісеенка на плошчы Незалежнасьці 11 кастрычніка

Безумоўна, выпадак на Плошчы магчыма патлумачыць неадэкватнымі паводзінамі звычайнага гарадскога вар’ята, каб не такая колькасьць дзіўных супадзеньняў: ніхто ня ведае грамадзянства хлопца, ён едзе на інтэрвію да журналістаў, але ў апошні момант зьмяняе свой намер, і самае галоўнае: прэсавыя службы МУС і ГУУС Менгарвыканкаму дагэтуль маўчаць наконт таго, дзе знаходзіцца сам Маісеенка і якое пакараньне яго чакае.